Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
30 сакавіка 2017, 13:54

Беларуска Надзея Маласай забяспечыла перамогу "Алімпіякосу" ў валейбольным Кубку выкліку ЕКВ

30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Надзея Маласай забяспечыла перамогу грэчаскаму "Алімпіякосу" ў першым матчы 1/2 фіналу Кубка выкліку Еўрапейскай канфедэрацыі валейбола (CEV), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Каманда беларускі сустракалася на сваёй пляцоўцы з "Енісеем" з Краснаярска. Сустрэча завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 3:1 (25:15, 18:25, 25:17, 27:25). На рахунку Надзеі Маласай 15 ачкоў, тры рэзультатыўныя блокі і нядрэнны прыём мяча падачы саперніц. Яна аказалася самай рэзультатыўнай у складзе "Алімпіякоса". За расійскую каманду выступае другая нападаючая зборнай Беларусі па валейболе Настасся Гарэлік, якая паказала нядрэнную гульню ў нападзенні, але яе 20 ачкоў не дапамаглі "Енісею" атрымаць перамогу.

Надзея Маласай з'яўляецца выхаванкай баранавіцкай школы валейбола, на яе рахунку перамогі ў чэмпіянаце і Кубку Беларусі, затым яна прадоўжыла кар'еру ў Расіі. У Грэцыі яна праводзіць першы сезон. Настасся Гарэлік першыя крокі ў валейболе зрабіла ў структуры ВК "Мінск", станавілася чэмпіёнкай краіны ў складзе "Мінчанкі".

Абодва ігракі плануюць прыняць удзел у кваліфікацыі да чэмпіянату свету 2018 года. Жаночая зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Клімовіча згуляе ў групе D на выездзе ў бельгійскім Кортрэйку: з Іспаніяй (31 мая), Італіяй (1 чэрвеня), Бельгіяй (2 чэрвеня), Латвіяй (3 чэрвеня), таксама Босніяй і Герцагавінай (4 чэрвеня). Пераможца групы атрымае права згуляць на сусветным форуме ў Японіі, каманда, якая зойме другое месца, выступіць у трэцім раўндзе кваліфікацыі ў жніўні бягучага года.

Беларускія валейбалісткі ніколі раней не прымалі ўдзел у фінальнай стадыі сусветнага форуму, але сем разоў прабіваліся ў вырашальную стадыю чэмпіянату Еўропы.

Матч у адказ 1/2 фіналу Кубка выкліку "Енісей" - "Алімпіякос" адбудзецца 2 красавіка ў Краснаярску. Пераможца выйдзе ў фінал еўрапейскага турніру.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі