Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
10 лістапада 2017, 13:25

Беларуска Аляксандра Сасновіч і амерыканка Како Вандэвеге адкрыюць фінальны матч Кубка Федэрацыі

10 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паядынкам другой ракеткі зборнай Беларусі Аляксандры Сасновіч і першага нумара каманды ЗША Како Вандэвеге стартуе фінальны матч розыгрышу Кубка Федэрацыі. Такі вынік жараб'ёўкі, якая адбылася сёння ў Мінскай гарадской ратушы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У суботу, 11 лістапада, першая адзіночная гульня пачнецца на корце "Чыжоўка-Арэны" ў 14.30. Хутка пасля яе завяршэння на пляцоўку выйдуць першы нумар гаспадароў Арына Сабаленка і амерыканка Слоан Стывенс.

У другі дзень спаборніцтваў 12 лістапада ў 13.30 стартуе паядынак першых нумароў абедзвюх дружын Арыны Сабаленка і Како Вандэвеге. Услед за імі згуляюць Аляксандра Сасновіч і Слоан Стывенс, а затым адбудзецца парны матч паміж беларускім тандэмам Вера Лапко / Лідзія Марозава і амерыканскім дуэтам Шэлбі Роджэрс / Элісан Рыске.

Па рэгламенце Кубка Федэрацыі, перад другім гульнявым днём капітаны каманд Эдуард Дуброў і Кэці Рыналдзі маюць права правесці замены.

Раней у розыгрышы Кубка Федэрацыі, які лічыцца неафіцыйным камандным чэмпіянатам свету, тэнісісткі зборных Беларусі і ЗША сустракаліся паміж сабой толькі аднойчы: у лютым 2012 года амерыканкі перамаглі на сваёй арэне з лікам 5:0.

Зборная Беларусі ўпершыню прабілася ў фінал, а каманда ЗША 17 разоў станавілася пераможцай Кубка Федэрацыі. Апошні раз амерыканкі выйгралі трафей 17 гадоў таму, а двойчы запар у 2009 і 2010 гадах уступалі ў вырашальных сустрэчах італьянскім тэнісісткам.

На шляху да цяперашняга фіналу беларускія тэнісісткі па чарзе перамаглі ў Мінску саперніц з Нідэрландаў (4:1) і Швейцарыі (3:2), а амерыканкі таксама дома абыгралі зборныя Германіі (4:0) і Чэхіі (3:2). Цяпер у камандным рэйтынгу жаночых зборных Беларусь займае другую пазіцыю, ЗША знаходзяцца на трэцім месцы, а наперадзе каманда Чэхіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі