Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
21 кастрычніка 2016, 12:52

Беларусь справіцца з правядзеннем другіх Еўрапейскіх гульняў - прэзідэнт НАК Украіны

21 кастрычніка, Мінск /Аляксандр Новікаў - БЕЛТА/. Беларусь справіцца з правядзеннем другіх Еўрапейскіх гульняў. Упэўненасць у гэтым выказаў карэспандэнту БЕЛТА прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Украіны, член выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Сяргей Бубка.

"У Беларусі бываю часта і ўпэўнены, што ваша краіна справіцца з правядзеннем спартыўных мерапрыемстваў самага высокага ўзроўню. У Мінску ўжо ёсць добра развітая інфраструктура: сучасныя спарткомплексы, дастатковая колькасць атэляў адпаведнага ўзроўню. Таму затраты Беларусі на арганізацыю, напрыклад, другіх Еўрапейскіх гульняў будуць не такімі вялікімі, як у іншых краінах. Не трэба рыхтаваць персанал, валанцёраў - усё гэта ўжо ў Мінску ёсць", - адзначыў Сяргей Бубка.

Прэзідэнт НАК Украіны, член выканкама МАК, знакаміты ў мінулым скакун у вышыню таксама адзначыў высокі ўзровень развіцця лёгкай атлетыкі ў Беларусі. "У снежні 2015 года я прысутнічаў на адкрыцці лёгкаатлетычнага манежа БДУФК, учора наведаў спаборніцтвы сярод дзяцей "Шкаліяда". У Беларусі нямала таленавітых юнакоў і дзяўчат, ёсць добрыя традыцыі ў лёгкай атлетыцы, цяпер федэрацыю гэтага віду спорту ўзначальвае малады і дзейны старшыня, усё гэта дасць магчымасць выхоўваць новых чэмпіёнаў", - лічыць ён.

Прэзідэнт НАК Беларусі Аляксандр Лукашэнка на 45-й Генеральнай асамблеі ЕАК выступіў з прапановай аб падтрымцы спартсменаў, якія завяршаюць кар'еру. Сяргей Бубка больш за 20 гадоў займаецца гэтай праблемай у МАК, і ён падкрэсліў неабходнасць гэтай ініцыятывы. "У свеце ёсць нямала праграм, напрыклад, у нас, ва Украіне, НАК выдзяляе стыпендыі маладым спецыялістам, якія завяршылі спартыўную кар'еру. Атлетаў, якія аддалі шмат гадоў прафесійнаму спорту, неабходна падтрымліваць, і, калі гэта можна будзе зрабіць на міжнародным узроўні, праз канкрэтныя праграмы, гэта будзе вельмі добра", - адзначыў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі