Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
23 жніўня 2017, 19:58

Беларус Аляксей Нічыпар заняў 4-е месца ў штурханні ядра на Сусветнай летняй універсіядзе

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі атлет Аляксей Нічыпар заняў 4-е месца ў штурханні ядра на Сусветнай летняй універсіядзе ў Тайбэі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

На вышэйшую прыступку п'едэстала падняўся паляк Якуб Жыжкоўскі, ён адправіў ядро на 19,98 м. Сярэбраная ўзнагарода дасталася партугальскаму спартсмену Франсіска Бело, ён паказаў рэзультат 19,75 м. Бронзавы медаль заваяваў атлет з Бразіліі Венансіа Даўрада - 19,51 м. Беларускі спартсмен Аляксей Нічыпар спыніўся за крок ад п'едэстала: з трох спроб лепшай была трэцяя - 19,41 м.

Найлепшы рэзультат сярод беларускай дружыны пакуль паказаў плывец Ілья Шымановіч - на дыстанцыі 100 м брасам студэнт-спартсмен Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры заваяваў залаты медаль.

Сусветная летняя ўніверсіяда завершыцца 30 жніўня ў горадзе Тайбэй. За ўзнагароды спаборніцтва будуць змагацца звыш 7,6 тыс. атлетаў з 142 краін. Усяго будзе разыграна 275 камплектаў узнагарод у 21 відзе спорту. Каманду Беларусі прадстаўляюць 34 атлеты з 13 ВНУ краіны. Беларусы ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па 9 відах спорту: фехтаванні, цяжкай атлетыцы, таэквандо, плаванні, ролер-спорце, настольным тэнісе, лёгкай атлетыцы, ушу і мастацкай гімнастыцы. У складзе беларускай каманды славутая спартсменка Дар'я Навумава - сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2016 года ў спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы. У зборнай таксама Эльвіра Герман - неаднаразовы прызёр міжнародных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы ў бар'ерным бегу. Сярод спартсменаў і Павел Барэйша - сярэбраны прызёр Сусветнай летняй універсіяды-2015 у кіданні молата, а таксама іншыя вопытныя атлеты.

На папярэдняй Сусветнай летняй універсіядзе, якая прайшла ў Кванджу (Рэспубліка Карэя), зборная Беларусі заняла 16-е месца. Тады беларускія студэнты-спартсмены заваявалі 12 узнагарод: 4 залатыя, 3 сярэбраныя і 5 бронзовых.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі