Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
12 красавіка 2018, 13:25

"Баварыя" і "Рэал" выйшлі ў паўфінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў

12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Услед за "Рома" і "Ліверпулем" паўфіналістамі Лігі чэмпіёнаў сталі мюнхенская "Баварыя" і дзеючы пераможца гэтага турніру мадрыдскі "Рэал", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Чэмпіён Германіі ў дамашнім паядынку 1/4 фіналу з іспанскай "Севільяй" згуляў унічыю 0:0. Першая гульня ў Іспаніі завяршылася перамогай каманды Юпа Хайнкеса з лікам 2:1. Апошні раз футбалісты "Баварыі" гулялі ў паўфінале ЛЧ у 2016 годзе, уступіўшы дарогу ў фінал іспанскаму "Атлетыка" з Мадрыда.

Яшчэ адзін прадстаўнік іспанскай сталіцы, дзеючы пераможца чэмпіёнскай Лігі "Рэал", прымаў у сябе дома фіналіста мінулага розыгрышу італьянскі "Ювентус" і да перапынку ўступаў 0:2 пасле дубля Марыа Манджукіча. Мадрыдцы амаль страцілі сваю вялікую перавагу, здабытую ў першым чвэрцьфінальным матчы ў Турыне, калі "Каралеўскі клуб" разграміў "Старую сіньёру" з лікам 3:0. У другім тайме ўсё стала яшчэ горш - на 61-й мінуце Блез Мацюідзі забіў трэці гол, аднавіўшы раўнавагу па суме дзвюх сустрэч. Усё ішло да авертайма, але на 3-й кампенсаванай мінуце гульні англійскі рэферы Майкл Олівер назначыў пенальці ў вароты Джанлуіджы Буфона. Вопытны галкіпер "Ювентуса" вельмі горача пратэставаў, за што быў выдалены з поля. Месца ў варотах заняў Войцэх Шчэсны, але лепшы бамбардзір Лігі чэмпіёнаў Крышціяну Раналду прабіў дакладна, зрабіўшы лік 3:1, і вывеў мадрыдцаў у паўфінальную стадыю. Футбалісты "Рэала" восьмы раз запар выйшлі ў паўфінал галоўнага клубнага турніру Старога Свету, прычым за гэты час яны тройчы выйгравалі трафей - у 2014, 2016 і 2017 гадах.

Раней паўфіналістамі сталі "Ліверпуль", які двойчы перайграў у англійскім дэрбі "Манчэстэр Сіці" - 3:0 (дома) і 2:1 (у гасцях), і італьянская "Рома", якая сенсацыйна адолела іспанскую "Барселону" па суме дзвюх чвэрцьфінальных сустрэч за кошт гасцявога гола - 1:4 (у гасцях) і 3:0 (дома).

Жараб'ёўка паўфіналаў пройдзе 13 красавіка ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне. У гэты ж дзень там жа вызначацца сапернікі ў паўфінальнай стадыі другога па рангу кантынентальнага турніру Лігі Еўропы. Удзельнікі паўфіналаў ЛЕ стануць вядомы сёння вечарам пасля чвэрцьфінальных паядынкаў у адказ: ЦСКА (Масква, Расія) - "Арсенал" (Лондан, Англія; рэзультат першага матчу - 1:4), "Спортынг" (Лісабон, Партугалія) - "Атлетыка" (Мадрыд, Іспанія; 0:2), "Марсель" (Францыя) - "Лейпцыг" (Германія; 0:1), "Зальбург" (Аўстрыя) - "Лацыа" (Рым, Італія; 2:4).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі