27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля першых паўфінальных матчаў футбольнай Лігі чэмпіёнаў свае стартавыя паядынкі за выхад у фінал правялі ўдзельнікі Лігі Еўропы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Лонданскі "Арсенал" на сваёй арэне сустракаўся з мадрыдскім "Атлетыка" і дамінаваў на працягу ўсёй гульні. Аднак, нягледзячы на вялікую перавагу, "кананіры" змаглі выйсці наперад толькі на 61-й хвіліне. У далейшым гаспадары прадаўжалі валодаць ініцыятывай, але на 82-й хвіліне празявалі контратаку гасцей, якую завяршыў Антуан Грызман, устанавіўшы парытэт - 1:1.
Французскі "Марсель" на полі свайго "Веладрома" прымаў гасцей з аўстрыйскага "Зальцбурга" і атрымаў перамогу з лікам 2:0. У першым тайме вызначыўся Фларыян Тавен, а пасля перапынку Клінтан Нжые забіў другі гол.
Матчы ў адказ паўфінальнай стадыі адбудуцца 3 мая ў Мадрыдзе і Зальцбургу. Фінальны паядынак другога па рангу кантынентальнага клубнага турніру 16 мая прыме французскі Ліён.-0-