Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 лютага 2017, 18:16

Антон Кушнір можа прапусціць этап Кубка свету ў "Раўбічах"

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Алімпійскі чэмпіён Сочы Антон Кушнір можа прапусціць этап Кубка свету па фрыстайле, які 25 лютага адбудзецца ў спарткомплексе "Раўбічы". Аб гэтым расказаў сёння на прэс-канферэнцыі галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі Мікалай Казека, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"На жаль, з упэўненасцю на 70 працэнтаў магу гаварыць, што не зможа прыняць удзел у дамашнім этапе Антон Кушнір. Ён цяпер праходзіць медыцынскае паглыбленае абследаванне. Усё ж такі два гады перапынку паўплывалі на яго стан у ходзе выступлення ў бягучым сезоне. Таму прынялі рашэнне даць яму магчымасць абследавацца. Самае галоўнае цяпер, што Антон Кушнір вярнуўся да актыўных выступленняў у нацыянальнай зборнай", - сказаў Мікалай Казека.

Настаўнік таксама адзначыў, што алімпійская чэмпіёнка Ала Цупер па-ранейшаму актыўна набірае форму, але ўбачыць яе выступленне можна толькі ў снежні 2017 года.

Як паведамілі на прэс-канферэнцыі, для балельшчыкаў да месца спаборніцтваў будзе арганізаваны дадатковы транспарт. Кваліфікацыйныя спаборніцтвы 25 лютага пачнуцца ў 9.00, а фінальныя - у 13.30.

У этапе Кубка свету па фрыстайле ў "Раўбічах" прымуць удзел каля 70 спартсменаў з 12 дзяржаў: Аўстраліі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Казахстана, Канады, Кітая, Расіі, ЗША, Украіны, Швейцарыі і Японіі.

Плануецца, што Беларусь на этапе Кубка свету прадставяць: Максім Гусцік, Станіслаў Гладчанка, Арцём Башлакоў, Дзмітрый Мазуркевіч, Павел Дзік, Ілья Гарэлік, Аляксандра Раманоўская, Ганна Рослік і Вера Ляшкевіч.

У "Раўбічах" выступяць лідары сусветнай лыжнай акрабатыкі, сярод якіх амерыканцы Эшлі Колдуэл, Кілі Маккінан, Мак Боханан і Алекс Боўэн, канадзец Трэвіс Герытс, прадстаўнікі Кітая Ці Гуангпу, Ксю Ментаа, Жыа Зоньян, Ліу Жонькін.

Па выніках пяці этапаў Кубка свету сезона-16/17 у лыжнай акрабатыцы тры беларускія фрыстайлісты ўваходзяць у дзясятку лепшых. Чэмпіён Алімпійскіх гульняў у Сочы Антон Кушнір дзякуючы тром перамогам размяшчаецца на другім месцы - 308 ачкоў. Апярэджвае беларуса толькі кітаец Ці Гуангпу - 360 ачкоў. Трэцяе месца ў агульным заліку ў лыжнай акрабатыцы займае Мак Боханан з ЗША - 230 балаў. На чацвёртай пазіцыі знаходзіцца Максім Гусцік - 180 ачкоў. Шостая сума балаў па выніках пяці этапаў Кубка свету ў другога беларуса Станіслава Гладчанкі - 147.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі