Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 мая 2016, 18:19

Аляксандра Герасіменя праходзіць падрыхтоўку да Алімпіяды па новай методыцы

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аляксандра Герасіменя праходзіць падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра па новай методыцы. Аб гэтым спартсменка расказала на прэс-канферэнцыі, прысвечанай запрашэнню беларускі ў каманду Visa Team Rio, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Двухразовы сярэбраны прызёр Гульняў у плаванні вясной прайшла падрыхтоўку ў ЗША і падзялілася ўражаннямі аб трэніроўках. "Не стала б параўноўваць, якая методыка лепшая - у Беларусі або за акіянам. Падыход да трэніровак адрозніваецца. Напрыклад, у ЗША ў мяне быў адзін занятак у дзень, але працаваць даводзілася да знямогі. Над табой не стаіць трэнер. Усё зусім інакш: ты сам выбіраеш і разумееш, колькі трэба трэніравацца", - адзначыла Аляксандра Герасіменя.

Летам беларуская плыўчыха адправіцца за акіян ужо разам з трэнерам Аленай Клімавай, дзе пройдзе заключны этап падрыхтоўкі да Алімпіяды. Паводле слоў Аляксандры Герасімені, новая методыка трэніровак за апошні час дапамагла ёй прыбавіць у рэзультатах, набраць неабходную мышачную масу. "Галоўнае - не страціць аптымальныя кандыцыі да Алімпіяды", - падкрэсліла спартсменка. У бліжэйшых яе планах - удзел у Гран-пры Манака па плаванні, а ў ліпені заключным афіцыйным стартам перад летнімі Гульнямі стане для яе чэмпіянат Беларусі. У Бразіліі Герасіменя плануе выступіць на дыстанцыях 50 м і 100 м вольным стылем.

Аляксандра Герасіменя не першая з беларускіх атлетаў, хто ўвайшоў у каманду Visa Team. Напярэдадні зімовай Алімпіяды ў Сочы ў складзе каманды быў фрыстайліст Аляксей Грышын.

"Запрашаючы атлета ў нашу каманду, звяртаем увагу не толькі на яго спартыўныя дасягненні, але і сацыяльную пазіцыю, наколькі актыўна чэмпіён прымае ўдзел у розных акцыях, ці з'яўляецца прыкладам для моладзі. Аляксандра Герасіменя падыходзіць па ўсіх параметрах", - падкрэсліў рэгіянальны менеджар Visa Ігар Кавалёў.

Visa падтрымлівае алімпійскі рух па ўсім свеце з 1986 года. У 2016 годзе з краін СНД і Паўднёва-Усходняй Еўропы ў каманду акрамя беларускі Аляксандры Герасімені ўвайшлі ўкраінская фехтавальшчыца Вольга Харлан і сербская таэквандыстка Міліца Мандзіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі