Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
27 ліпеня 2016, 11:45

Алімпійскую спартыўную экіпіроўку беларускай зборнай балельшчыкі змогуць набыць у інтэрнэце

27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Алімпійскую экіпіроўку беларускай зборнай у Рыа-дэ-Жанэйра балельшчыкі ў бліжэйшы час змогуць набыць на спецыяльнай інтэрнэт-пляцоўцы партнёра Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі кампаніі Audimas. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры расказаў генеральны сакратар НАК Беларусі Анатоль Котаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У пачатку экіпіроўку, такую ж як і ў беларускіх алімпійцаў у Рыа, можна будзе набыць па папярэднім заказе на спецыяльнай інтэрнэт-пляцоўцы", - адзначыў Анатоль Котаў.

У аснове дызайнерскай распрацоўкі спартыўнай экіпіроўкі выкарыстаны колеры, якія асацыіруюцца з Беларуссю, яе гербам і сцягам. У калекцыі шырока задзейнічаны графічныя матывы нацыянальнага арнаменту, які пераплецены з вясёлымі і энергічнымі рытмамі Рыа. Прымененыя ў калекцыі сучасныя матэрыялы і тэхналогіі ў поўнай меры ўлічваюць пажаданні спартсменаў, а таксама кліматычныя асаблівасці Бразіліі.

Як расказаў генеральны сакратар НАК, многія федэрацыі розных відаў спорту (баскетбол, гандбол, лыжны і канькабежны саюзы) зацікаўлены ў набыцці гэтай формы і ўжо сфарміравалі заказ.

Літоўскі партнёр Нацыянальнага алімпійскага камітэта перад выпускам спартыўнай экіпіроўкі ў свабодны продаж распрацоўвае цэнавую палітыку і ўзгадняе асартымент, які будзе найбольш запатрабаваны ў аматараў спорту.

Парадна-выхадную форму да летніх Гульняў у Рыа распрацавала малады беларускі дызайнер Юлія Латушкіна. Касцюмы выкананы з трыкатажнага палатна "Світанак" і натуральных тканін.

"Парадны касцюм для ўсіх жадаючых мы будзем вырабляць па індывідуальным заказе, а што датычыцца трыкатажных вырабаў (майкі, кашулі, сукенкі) з калекцыі, то іх можна набыць у нашым магазіне ўжо з заўтрашняга дня па праспекце Незалежнасці", - адзначыла Юлія Латушкіна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі