Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 верасня 2017, 16:07

Зваротная сувязь з насельніцтвам раёнаў дапамагае ў прыняцці рашэнняў на высокім узроўні - Рыжанкоў

15 верасня, Воранава /Кар. БЕЛТА/. Зваротная сувязь з насельніцтвам раёнаў дапамагае ў прыняцці рашэнняў на высокім узроўні. Такое меркаванне журналістам сёння выказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Максім Рыжанкоў сёння наведаў Воранаўскі раён. "Глыбінка часам абдзелена ўвагай цэнтральнага кіраўніцтва. Пара пераходзіць ад практыкі наведвання абласных і вялікіх раённых цэнтраў і часцей заглядваць у такія аддаленыя раёны, як Воранаўскі. Беларусь жыве не адным горадам, калі мы хочам развіваць краіну, то павінны актыўна развіваць рэгіёны", - адзначыў Максім Рыжанкоў. Важна, падкрэсліў ён, у час такіх візітаў пазнаёміцца з усім спектрам жыцця раёна - ад сельскай гаспадаркі і вытворчасці да адукацыі і сацыяльнай сферы. Трэба даведацца, чым дыхаюць людзі, якія праблемы іх хвалююць і ці правільна разумее кіраўніцтва раёна тыя задачы, якія ставяцца сёння ў краіне, дадаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

У планах паездкі таксама сустрэча з работнікамі СВК "Доцішкі". Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што адна з мэт дыялогу з насельніцтвам - зваротная сувязь. "Гэта дапамагае ў прыняцці рашэнняў у далейшым. Зваротная сувязь дае магчымасць даведацца, што трэба чалавеку тут. Гэта не заўсёды відаць са сталіцы", - адзначыў ён.

Па выніках паездкі будуць прыняты і пэўныя рашэнні адносна ААТ "Воранаўская сельгастэхніка". Прадпрыемства выпускае амаль дзясятак відаў прычэпаў рознага прызначэння для сельскай гаспадаркі: абсталяванне запатрабавана на ўнутраным рынку. З боку прадпрыемства быў узняты шэраг пытанняў. У прыватнасці, не ідуць насустрач вытворцу лізінгавыя кампаніі. "Ёсць і іншыя пытанні, адрасаваныя спецыялістам профільных міністэрстваў. Але прадстаўнікі ведамстваў сюды не дабраліся. Цяпер гэтыя пытанні будуць пачуты", - адзначыў Максім Рыжанкоў.

Яшчэ адным прадметам для абмеркавання стане стан сістэмы адукацыі ў рэгіёнах: пытанні якасці аказваемых паслуг, павышэння прэстыжу прафесіі настаўніка, стварэння камфортных і бяспечных умоў для вучобы, арганізацыі адпачынку і факультатыўных заняткаў для школьнікаў. "Часам і сталічным, і гарадскім школам можна ўзяць на ўзбраенне вопыт рэгіянальных навучальных устаноў. Тут у школе створаны свае цяпліцы, дзеці сваімі рукамі стварылі цудоўныя кветнікі. Відаць, што робяць яны гэта з любоўю, з беражлівым стаўленнем да вынікаў сваёй працы, забяспечваюць школу неабходнай прадукцыяй, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю вакол", - адзначыў Максім Рыжанкоў. Гэта, паводле яго слоў, выхоўвае ў тым ліку і працавітасць, якой многім школьнікам у вялікіх гарадах не хапае.

Максім Рыжанкоў таксама адзначыў, што ў раёнах неабходна актыўней ствараць сацыяльную і культурную інфраструктуру, а таксама рэканструяваць гістарычныя і рэлігійныя помнікі. "Воранаўскі раён - пагранічны. Для такіх рэгіёнаў характэрны ўплыў суседніх дзяржаў у плане культуры і эканомікі. У раёне большасць насельніцтва палякі, ёсць школа з літоўскай мовай навучання. Раён няхай і не вялікі, але вельмі шматгранны і рознабаковы па канцэпцыі развіцця", - сказаў ён. У прыватнасці, у Радуні плануецца рэканструкцыя іешывы (іўдзейскай вышэйшай рэлігійнай навучальнай установы) і стварэнне на яе базе турыстычнага цэнтра для тых, хто цікавіцца яўрэйскай культурай і традыцыямі.-0-

Фота Леаніда Шчаглова.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі