Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 лістапада 2019, 11:13

Зламыснікі ўсё часцей спрабуюць даведацца па тэлефоне рэквізіты банкаўскіх картак - МУС

21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі актывізаваліся кібермахляры, яны тэлефануюць кліентам банкаў і прадстаўляюцца супрацоўнікамі кантакт-цэнтра або службы бяспекі. Такую інфармацыю апублікавала прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава ў сваім Telegram-канале, паведамляе БЕЛТА.

"Кліентам банкаў яны паведамляюць аб учыненым адносна іх махлярстве і пад выглядам блакіроўкі рахунку просяць паведаміць рэквізіты плацежных картак. Завалодаўшы названай інфармацыяй, яны выкрадаюць грошы. Толькі за апошнія два дні ў міліцыю паступіла больш за 150 заяў і паведамленняў ад ахвяр вішынгу", - адзначыла Вольга Чамаданава.

МУС нагадвае, што ні ў якім разе не трэба перадаваць плацежныя рэквізіты з поўным нумарам карткі і тэрмінам яе дзеяння, лагін і пароль да інтэрнэт-банка, іншую персанальную інфармацыю. Не варта ўступаць у перагаворы з незнаёмцамі. Трэба пакласці трубку і самастойна звярнуцца ў банк па нумарах, пазначаных на афіцыйным сайце.

Неабходна прымяняць усе даступныя спосабы абароны, прапанаваныя банкамі (двухфактарная аўтарызацыя, смс-паведамленне аб расходных аперацыях, ліміт зняцця грашовых сродкаў і інш.). МУС раіць выкарыстоўваць складаныя паролі доступу да ўліковых запісаў электроннай пошты, да сістэм інтэрнэт-банкінгу, сацыяльных сетак і іншых інтэрнэт-сэрвісаў. Не трэба адкрываць электронныя паштовыя паведамленні, атрыманыя ад невядомых адпраўшчыкаў, не трэба запускаць іх укладанні. Не трэба пераходзіць па невядомых спасылках або наведваць інтэрнэт-рэсурсы сумніўнага зместу. Таксама пры наведванні сайтаў банкаў або іншых арганізацый трэба звяртаць увагу на вэб-адрас інтэрнэт-рэсурсу.

"Просьба незнаёмага чалавека аб прадастаўленні канфідэнцыяльнай інфармацыі сведчыць аб тым, што размова вядзецца з махляром. Супрацоўнікі банка ні пры якіх абставінах не патрабуюць рэквізітаў банкаўскіх картак ці іншай канфідэнцыяльнай інфармацыі", - падкрэсліла Вольга Чамаданава.

Адна з папулярных схем махляроў - напалохаць ахвяру. Выкарыстоўваюцца фразы: "з вашай карткай адбываюцца махлярскія транзакцыі", "з рахунку ўжо спісаны грошы і ратаваць іх можна за лічаныя мінуты", "ад вашага імя накіравана заяўка на крэдыт, трэба тэрмінова яе адмяніць", "на ваш рахунак памылкова залічаны перавод, яго трэба вярнуць".

"Калі з карткай сапраўды адбываюцца махлярскія аперацыі, банк сам можа яе заблакіраваць. У любым выпадку, усе сумніўныя сітуацыі лепш вырашаць у аддзяленні банка асабіста або самастойна патэлефанаваць у кантакт-цэнтр па нумарах, пазначаных на афіцыйным сайце", - дадала Вольга Чамаданава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі