Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 лістапада 2017, 18:43

Жарко: каардынуючую ролю ў прафілактыцы падлеткавай злачыннасці адыгрываюць камісіі па справах непаўналетніх

2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каардынуючую ролю ў пытаннях прафілактыкі падлеткавай злачыннасці адыгрываюць камісіі па справах непаўналетніх. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Жарко на пасяджэнні Камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў, якое прайшло пад яго старшынствам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што мэтанакіраваны міжведамасны падыход у арганізацыі прафілактычнай работы з непаўналетнімі даў магчымасць за студзень-верасень 2017 года забяспечыць зніжэнне падлеткавай злачыннасці ў краіне на 12,5 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Разам з тым у апошнія гады непаўналетнімі ўчыняюцца злачынствы, якія раней учыняліся толькі дарослымі, а менавіта - незаконныя дзеянні адносна зброі, наркотыкаў, злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій. "Такая трывожная тэндэнцыя сведчыць аб недахопах і хібах у рабоце ўсіх суб'ектаў прафілактыкі", - сказаў ён.

Васіль Жарко падкрэсліў, што каардынуючую ролю ў пытаннях прафілактыкі адыгрываюць камісіі па справах непаўналетніх. Ад таго, як будзе арганізавана работа камісій, у многім залежыць, ці будзе эфектыўны вынік.

Пытанні абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх у Беларусі рэгулююцца дэкрэтам нумар 18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем'ях", кодэксамі аб шлюбе і сям'і, аб адукацыі, законам "Аб правах дзіцяці", а таксама іншымі заканадаўчымі актамі і прынятымі ў іх развіццё нарматыўнымі прававымі актамі. Аналіз статыстычных даных за перыяд дзеяння дэкрэта нумар 18 дае магчымасць адзначыць наступныя тэндэнцыі: у выніку аказання міжведамаснай дапамогі дзецям і іх законным прадстаўнікам больш за 55 працэнтаў дзяцей з ліку адабраных у бацькоў па рашэннях камісій па справах непаўналетніх штогод вяртаюцца ў сем'і, а дынаміка пазбаўлення бацькоўскіх правоў захоўваецца на адным узроўні на працягу апошніх трох гадоў. Таксама штогод скарачаецца колькасць нававыяўленых у краіне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

На пасяджэнні адзначана, што асноўнымі фактарамі, якія ўплываюць на злачынныя паводзіны непаўналетніх, з'яўляюцца неспрыяльныя ўмовы ў сям'і, ужыванне алкаголю, наркотыкаў, недахопы ў арганізацыі вольнага часу, працоўнай занятасці, недастатковая эфектыўнасць выхаваўчай работы суб'ектаў прафілактыкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі