Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 кастрычніка 2016, 13:41

Захваральнасць на грып у Беларусі за 5 гадоў знізілася ў 40 разоў

14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Захваральнасць на грып у Беларусі за 5 гадоў знізілася ў 40 разоў. Аб гэтым паведаміла сёння ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялагічных пытаннях Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская.

"На працягу апошніх пяці гадоў не адбываецца эпідэмічнага ўздыму захваральнасці на грып і ВРІ, - адзначыла спецыяліст. - Калі ў сезон 2010/2011, калі ахоп вакцынацыяй складаў менш як 23 працэнты, грып перанеслі 2,4 працэнта насельніцтва краіны, то ўжо ў сезон 2015/2016, калі ахоп вакцынацыяй перавысіў 41 працэнт, - толькі 0,06 працэнта".

Паводле слоў Ірыны Глінскай, гэта забяспечвае аптымальнае функцыянаванне грамадства, паколькі не спыняецца работа арганізацый, не парушаецца вучэбны працэс у навучальных установах і г.д.

"У тых краінах, дзе ахова ад грыпу з дапамогай вакцынацыі не праводзілася ў такіх маштабах, як у Беларусі, сітуацыя па захваральнасці была складанай", - падкрэсліла Ірына Глінская.

У бягучым годзе ў Беларусі плануецца прышчапіць ад грыпу за бюджэтныя сродкі больш як 3 млн чалавек. Бясплатныя прышчэпкі атрымаюць людзі, якія ўваходзяць у групы высокай рызыкі заражэння і высокай рызыкі неспрыяльных вынікаў захваральнасці на грып: дзеці і дарослыя, якія маюць розныя хранічныя захворванні, людзі ва ўзросце старэйшым за 65 гадоў, цяжарныя жанчыны, дзеці, якія наведваюць дзіцячыя дашкольныя ўстановы, вучні сярэдніх школ, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, студэнты ВНУ, медыцынскія работнікі, асобы, якія забяспечваюць жыццядзейнасць горада.

Тыя, хто не ўваходзіць у групы рызыкі, могуць прышчапіцца ад грыпу на платнай аснове. Кошт прышчэпкі складае ў сярэднім ад Br5 да Br18 у залежнасці ад выкарыстоўваемай вакцыны і рэгіёна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі