Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 чэрвеня 2018, 10:07

Забарона на наведванне лясоў дзейнічае ў 83 раёнах Беларусі

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Забарона на наведванне лясоў усё яшчэ дзейнічае ў 83 раёнах рэспублікі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

За апошнія дні абмежавальныя меры былі зняты ў некаторых раёнах Гомельскай і Гродзенскай абласцей. Але пажаранебяспечная абстаноўка захоўваецца на большасці тэрыторый. За апошнія суткі ў лясным фондзе адбылося 7 выпадкаў узгаранняў. А ўсяго з пачатку пажаранебяспечнага сезона зафіксавана 312 лясных пажараў.

"У сувязі з павелічэннем колькасці зваротаў па пытанні ўвядзення і зняцця забарон на наведванне лясоў растлумачваем, што адпаведныя рашэнні прымаюць мясцовыя распарадчыя і выканаўчыя органы. Інфармацыю аб існуючых дазволеных зонах для праходу да дачных участкаў, збору грыбоў і г.д могуць прадаставіць у райвыканкамах або лясгасах на месцах. Пры гэтым супрацоўнікі лясгасаў і аддзелаў па НС могуць звярнуцца ў распарадчыя і выканаўчыя органы з хадайніцтвам аб увядзенні або зняцці забароны", - адзначылі ў міністэрстве.

Усе рашэнні перад прыняццем праходзяць юрыдычную экспертызу ва ўпраўленнях юстыцыі аблвыканкамаў. Таму паміж падачай дакументаў аб зняцці або ўвядзенні абмежавальных мер можа прайсці некалькі дзён. Атрымаць актуальную інфармацыю аб наяўнасці або адсутнасці забарон на наведванне лясоў заўсёды можна на інтэрактыўнай карце Міністэрства лясной гаспадаркі.

"Галоўная мэта ўвядзення забарон на наведванне лясоў - забеспячэнне бяспекі грамадзян, захаванасці іх маёмасці і ляснога фонду, - падкрэслілі ў прэс-службе. - Як правіла, гэта мера ўводзіцца пры ўстанаўленні высокай або надзвычайнай пажарнай небяспекі па ўмовах надвор'я, калі пажар можа ўзнікнуць ад самай маленькай іскры. Сусветны вопыт паказвае, што ахвярамі лясных пажараў нярэдка становяцца людзі. Напрыклад, у мінулым годзе ў Партугаліі пры лясным пажары загінулі больш за 50 чалавек - не змаглі выбрацца з палаючага лесу".

Каб знізіўся клас пажарнай небяспекі, патрэбны інтэнсіўныя ападкі на працягу некалькіх дзён. Толькі ў гэтым выпадку пажаранебяспечная абстаноўка ў лясным фондзе можа стабілізавацца.

На перыяд дзеяння забароны грамадзянам не дазваляецца знаходжанне ў лясным фондзе нават для прагулак і адпачынку на прыродзе, забараняецца ўезд транспарту, за выключэннем службовага. Парушэнне забароны можа пагражаць штрафнымі санкцыямі (да 25 базавых велічынь, 1 БВ - Br24,5).-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі