Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 чэрвеня 2019, 12:27

Выстава з прыватнай калекцыі алімпійскіх узнагарод да II Еўрапейскіх гульняў адкрылася ў Мінску

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава алімпійскіх узнагарод і медалёў з прыватнай калекцыі вядомага расійскага прадпрымальніка Уладзіміра Патаніна, прымеркаваная да II Еўрапейскіх гульняў, адкрылася сёння ў Мінскай гарадской ратушы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Калекцыя змяшчае каля 400 экспанатаў. Сярод іх - залатыя, сярэбраныя, бронзавыя і памятныя медалі, факелы, дыпломы прызёраў і ўдзельнікаў Гульняў, ганаровыя знакі, кубкі, статуэткі і горны Гульняў розных гадоў. Аўкцыённы кошт узнагародных медалёў - ад $2 тыс. да $250 тыс. Самыя дарагія з іх - імянныя. Факелы каштуюць ад $1,5 тыс. да $170 тыс. - цана залежыць ад рарытэтнасці. Напрыклад, да Гульняў у Альбервілі 1992 года было выпушчана ўсяго 100 факелаў. Іх дызайн распрацаваў Філіп Старк, які лічыцца культавай фігурай у сусветным дызайне. Ёсць у калекцыі і чатыры кубкі чэмпіёна, самы дарагі з якіх быў выпушчаны да Гульняў у Парыжы 1924 года.

У Мінск прыехала найбольш цікавая з гістарычнага пункту гледжання частка калекцыі. На выставе прадстаўлены ўзнагароды Алімпійскіх гульняў першай палавіны ХХ стагоддзя, уключаючы першую Алімпіяду сучаснасці 1896 года ў Афінах і ХV Алімпійскія гульні ў Хельсінкі 1952 года, у якіх упершыню прыняла ўдзел зборная СССР. Выстава ўключае алімпійскія аб'екты трох значных для Беларусі алімпіяд апошніх дзесяцігоддзяў. Гэта XXII Алімпійскія гульні 1980 года, на якіх у беларускай сталіцы на стадыёне "Дынама" быў запалены алімпійскі агонь. Гульні 1994 года ў Лілехамеры, у якіх былыя савецкія рэспублікі ўпершыню ўдзельнічалі ў якасці асобных каманд. І зімовая Алімпіяда 2014 года ў Сочы, да пяцігоддзя якой прымеркавана адкрыццё алімпійскага выставачнага праекта.

Калекцыя вядомага расійскага прадпрымальніка Уладзіміра Патаніна далучае да гісторыі і спадчыны спартыўнага руху і алімпізму. У 2019 годзе яе вырашылі зрабіць даступнай для шырокай публікі. Мінск стане зыходным пунктам выставачнага праекта, далей калекцыя адправіцца ў міжнароднае турнэ і будзе прадстаўлена на XXXII летніх Алімпійскіх гульнях у Токіа (Японія, 2020), XXIV зімовых Алімпійскіх гульнях у Пекіне (Кітай, 2022), XXXIII летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы (Францыя, 2024) і іншых значных спартыўных мерапрыемствах.

Рэалізацыяй серыі выставачных праектаў займаецца каманда Расійскага міжнароднага алімпійскага ўніверсітэта (РМАУ) на чале з рэктарам ВНУ акадэмікам Львом Белавусавым. "Нам прыемна, што першы публічны паказ калекцыі адбываецца ў Мінску і прымеркаваны да адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў", - адзначыў рэктар.

"Для балельшчыкаў і аматараў спорту - гэта вельмі цікавая выстава, якая прадстаўляе рарытэты алімпійскага спорту. Можна даведацца пра гісторыю тых алімпіяд, медалі якіх прэзентуюцца. Галоўнае, што гэта выстава перасовачная, Расійскі міжнародны алімпійскі ўніверсітэт плануе яе выстаўляць у час розных алімпіяд. Гэта вельмі цікавая форма падачы", - расказаў міністр спорту Расіі Павел Калабкоў.

Алімпійская калекцыя - гэта некамерцыйны праект, яго галоўная мэта - даць людзям натхняльны зарад перад знакавай спартыўнай падзеяй, таму ўваход для ўсіх жадаючых будзе бясплатным. Наведвальнікі выставы змогуць не толькі ўбачыць алімпійскія рэліквіі, але і акунуцца ў іх гісторыю. У гэтым ім прыйдуць на дапамогу сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі. Кожны экспанат калекцыі суправаджаецца дадатковымі тэкставымі і відэаматэрыяламі, якія дадуць магчымасць гасцям далучыцца да гісторыі алімпіяд. Выстава алімпійскіх узнагарод будзе працаваць у Мінскай гарадской ратушы па 14 ліпеня.

/Будзе дапоўнена/.

-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі