Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 красавіка 2019, 19:40

Пытанні грамадзян да "Вялікай размовы" кантралююцца да іх вырашэння - Міцкевіч

11 красавіка, Смалявіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Вырашэнне пытанняў, якія грамадзяне накіроўвалі для "Вялікай размовы", кантралюецца да самага іх выканання. Аб гэтым заявіў сёння намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч на прыёме грамадзян і юрыдычных асоб у Смалявіцкім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Усе пытанні, якія паступілі ў БЕЛТА ў ходзе "Вялікай размовы", узяты на кантроль. Што датычыцца Смалявіцкага раёна, то было шэсць зваротаў. Частка з іх знаходзіцца на стадыі вырашэння. Жанчыне, якая звярталася па выплату матэрыяльнай дапамогі, яна прадастаўлена ўжо. Кожнае пытанне кантралюецца да выканання", - адзначыў Валерый Міцкевіч. Пры гэтым ён падкрэсліў, што тэрміны выканання ў кожнай асобнай сітуацыі розныя. Напрыклад, для асфальтавання дарогі трэба прадугледзець выдзяленне сродкаў з бюджэту. "Тут важна, каб не давалі абяцанняў, якія не будуць выкананы. Калі гаворым, што нешта павінна быць зроблена ў такі-та тэрмін, то гэты тэрмін трэба выканаць", - дадаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі.

На прыём да яго запісалася каля 30 чалавек. Прычым расказаць аб сваіх праблемах прыехалі жыхары не толькі Смалявіцкага раёна, але і сталіцы, Мінскай і нават Гродзенскай абласцей, Віцебска. Узнімаліся пытанні жыллёвага будаўніцтва, добраўпарадкавання, якасці паслуг ЖКГ, асвятлення населеных пунктаў, зямельныя і працоўныя спрэчкі, дзейнасць фермерскіх гаспадарак, таварыстваў уласнікаў, будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы Нацыянальнага аэрапорта і звязанага з гэтым адсялення жыхароў бліжэйшай вёскі. Запісалася і некалькі бацькоў, чые дзеці асуджаны па арт.328 КК за незаконны абарот наркотыкаў. Нараўне з прыватнымі пытаннямі гучалі і калектыўныя, а таксама прапановы па ўнясенні змяненняў у закон "Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь" (у частцы назначэння і выплаты пенсій).

Дольшчыкі шматкватэрнага жылога дома ў паўночна-заходняй частцы Смалявіч занепакоены лёсам будаўніцтва сваіх кватэр. Тэрміны пераносіліся тройчы, а прычын людзям не тлумачылі. Наваселля чакае нямала шматдзетных сем'яў. Пытанне ўжо абмяркоўвалася з прыцягненнем пракуратуры ў райвыканкаме. "Я сам ім сур'ёзна займаюся, - запэўніў старшыня райвыканкама Міхаіл Загорцаў. - Кастрычнік - апошні тэрмін, які мы сабе вызначылі і выканаўцам. Абавязкова з добраўпарадкаваннем. Іншага шляху няма. Калі трэба - людзей туды будзем адпраўляць на работы. І тыя страты, якія будуць, трэба прад'явіць забудоўшчыку. Магу толькі папрасіць прабачэння за яго ў людзей".

"Паколькі выканаўца - "Барысаўжылбуд", напішам пісьмо, каб Мінаблвыканкам узяў пытанне на кантроль. Гэта не перашкодзіць", - дадаў Валерый Міцкевіч.

Жыхарка аграгарадка Слабада расказала, што пасля набыцця кватэры ў новабудоўлі выявіла шэраг будаўнічых недахопаў, у тым ліку адваротную цягу з вентыляцыі. У складанні дэфектных актаў жанчыне адмовілі. Па яе просьбе была створана незалежная камісія, але ў яе склад увайшлі зацікаўленыя асобы, якія не зафіксавалі парушэнняў. "Як павінна быць: ёсць прэтэнзія - трэба разабрацца, ці абгрунтаваная яна. Устанавіць прычыну. Калі гэта дэфект, значыць, ёсць вінаватая асоба, якая павінна ліквідаваць недахоп. Там, дзе не можам разабрацца, абавяжам Мінбудархітэктуры, каб яно правяло ацэнку, - сказаў Валерый Міцкевіч. - І яшчэ, трэба праекціроўшчыкаў часцей прыцягваць да гэтай работы. У нас часта так бывае: праз пяць гадоў знаходзіцца праектная памылка, вінаватыя ўсе, але не яны".

Акрамя таго, жанчына разам з іншымі жыхарамі аграгарадка паскардзілася на адсутнасць асвятлення каля новабудоўлі і рэакцыю на гэту праблему з боку сельскага і раённага выканкамаў, а таксама эксплуатуючай арганізацыі. Людзі вымушаны перамяшчацца ў цёмны час сутак з ліхтарыкамі. Кіраўніцтва райвыканкама на прыёме адказала: у II квартале, калі інфраструктуру перавядуць на баланс абслуговай арганізацыі, падключаць электрычнасць, устаноўленыя ліхтары пачнуць працаваць. Валерый Міцкевіч пры гэтым заўважыў: з-за грувасткай тэхналагічнай працэдуры праблема ўзнікае перыядычна і ў Мінску. Магчыма, неабходна перагледзець ланцужок правядзення работ на рэспубліканскім узроўні.

"Пытанні будаўніцтва жылых дамоў і іх здачы, добраўпарадкавання, на жаль, узнікаюць у розных рэгіёнах, гэта не толькі спецыфіка Смалявіч. Будзем разбірацца з прычынамі: штосьці ў прававым рэгуляванні ці ж проста нядобрасумленная работа канкрэтных будаўнічых арганізацый", - рэзюмаваў Валерый Міцкевіч.

Як паведамлялася раней, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі ў час планавых выязных прыёмаў грамадзян у рэгіёнах робяць у тым ліку акцэнт на тым, як мясцовыя ўлады вырашаюць пытанні, накіраваныя ў БЕЛТА ў час акцыі "Ваша пытанне Прэзідэнту" пры падрыхтоўцы і правядзенні "Вялікай размовы з Прэзідэнтам".-0-

Фота Генадзя Жынкова

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі