Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 ліпеня 2018, 12:58

Вынікі стрэс-тэстаў БелАЭС улічаць пры выдачы ліцэнзіі на эксплуатацыю

10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вынікі стрэс-тэстаў Беларускай АЭС будуць улічаны пры выдачы ліцэнзіі на эксплуатацыю станцыі, паведаміла начальнік аддзела арганізацыі навукова-тэхнічнага суправаджэння рэгулюючай дзейнасці Дзяржатамнагляду Юльяна Крук 10 ліпеня на брыфінгу ў БЕЛТА.

"Атамная станцыя звярнулася ў Дзяржатамнагляд за выдачай ліцэнзіі на эксплуатацыю ў кастрычніку 2017 года. На гэтым этапе праводзіцца экспертыза дакументаў, якія абгрунтоўваюць бяспеку. Высновы і рэкамендацыі па выніках стрэс-тэстаў дапамогуць нашым экспертам прыняць правільнае рашэнне ў рамках правядзення экспертызы", - адзначыла Юльяна Крук. Рэкамендацыі, падрыхтаваныя пры рабоце з вынікамі стрэс-тэстаў, увайшлі ў тым ліку ў тэхнічнае заданне на экспертызу дакументаў, якія абгрунтоўваюць бяспеку ў рамках выдачы ліцэнзіі на эксплуатацыю АЭС.

Па выніках партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў Беларускай АЭС еўрапейскія эксперты, упаўнаважаныя Еўрапейскай групай рэгулюючых органаў па ядзернай бяспецы (ENSREG), вызначылі рэкамендацыі і адзначылі розныя добрыя практыкі. Так, да моцных бакоў эксперты аднеслі наяўнасць у праекце пасіўных сістэм бяспекі, чатырох узроўняў глыбокаэшаланіраванай абароны. Пазітыўна было ўспрынята ўкараненне ў вучэбна-трэніровачным цэнтры Беларускай АЭС поўнамаштабнага трэнажора з магчымасцю адпрацоўкі цяжкіх аварый - на ім рыхтуецца персанал станцыі, адзначана добрая падрыхтоўка пажарнай брыгады, гатовай да рэагавання на любыя непрадбачаныя абставіны. Таксама адзначана станоўчае ўзаемадзеянне з экспертнай супольнасцю, навуковымі і даследчымі арганізацыямі, праектантамі.

Беларусь у 2016 годзе добраахвотна правяла стрэс-тэсты АЭС з улікам спецыфікацыі ENSREG. Нацыянальны даклад па выніках стрэс-тэстаў быў накіраваны ў Еўракамісію і размешчаны ў адкрытым доступе ў інтэрнэце ў 2017 годзе, асноўная выснова - Беларуская АЭС устойліва да ўзнікнення падзей, падобных да падзей на "Фукусіме" ў 2011 годзе.

У час правядзення партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў Беларусь у сакавіку 2018 года наведала ўпаўнаважаная ENSREG група з 17 экспертаў з рэгулюючых органаў у сферы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. У яе складзе былі прадстаўнікі Еўракамісіі, у якасці наглядальнікаў - прадстаўнікі МАГАТЭ, Расіі і Ірана. Справаздача аб партнёрскай праверцы ў цэлым мае пазітыўны характар. Яна падкрэслівае розныя добрыя практыкі, але таксама прапануе будучыя патэнцыяльныя паляпшэнні, неабходнасць якіх была ідэнтыфікавана пры праверцы, праведзенай у Беларусі, у кантэксце забеспячэння бесперапыннага павышэння бяспекі.

Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення "3+" паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020-м.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі