Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 ліпеня 2018, 18:16

Вучоныя расказалі аб ураджаі грыбоў і ягад у Беларусі

16 ліпеня Мінск /Кар. БЕЛТА/. Навуковы супрацоўнік Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццяна Маісеева расказала карэспандэнту БЕЛТА пра ўраджай грыбоў і ягад у Беларусі ў бягучым годзе.

"Звычайна ў канцы красавіка - пачатку мая ў паўднёвых рэгіёнах ужо з'яўляліся грыбы. Але з-за засухі, якая назіралася ў маі-чэрвені, у паўднёвых раёнах Беларусі амаль не было грыбоў, нават неядомых. Сустракаліся лісічкі, але сухія і зморшчаныя з-за недахопу вільгаці. З'яўляліся страчкі і смаржкі, але яны таксама хутка зніклі. У тых рэгіёнах Беларусі, дзе ўсё ж выпадалі ападкі, сітуацыя была крыху іншая, - сказала Таццяна Маісеева. - Цяпер па ўсёй краіне прайшлі дажджы, і грыбы пачалі з'яўляцца, месцамі даволі шмат. Сустракаліся баравікі, падбярозавікі, падасінавікі, лісічкі, сыраежкі, летнія апенькі".

На яе думку, калі ў ліпені-жніўні ападкаў будзе дастаткова, грыбоў павінна быць шмат. "Да летніх грыбоў у канцы жніўня дабавяцца асеннія: грузды, падгруздкі, зелянушкі, асеннія апенькі, ваўнянкі. Як звычайна, у жніўні-верасні ў Беларусі чакаецца грыбны пік", - адзначыла вучоны.

Засуха паўплывала і на ўраджай ягад, асабліва па поўдні Беларусі. "Возьмем, напрыклад, чарніцы. Іх збіраюць першымі, і ў паўднёвых раёнах іх было не так шмат, як у мінулым годзе, ягады былі невялікія. У больш паўночных рэгіёнах Беларусі чарніцы былі большыя, сустракаліся добрыя, вялікія ягады. Што датычыцца буякоў, то ў паўднёвых раёнах іх таксама мала, месцамі наогул няма, на поўначы ўраджай значна лепшы. Цяпер паспяваюць брусніцы і журавіны. Напрыклад, на балотах Магілёўскай вобласці вельмі шмат журавін, добрыя брусніцы. Яны перажылі засуху, і, калі час ад часу будуць дажджы, ягады будуць налівацца, ураджай павінен быць добры", - лічыць Таццяна Маісеева.

Як паведамлялася, май 2018 года ў Беларусі выдаўся выключна цёплым. Сярэдняя тэмпература паветра па краіне склала плюс 16,9 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 3,5 градуса. Такі цёплы май адзначаны ўпершыню за ўвесь перыяд назіранняў. За гэты месяц у сярэднім па Беларусі выпала 29 мм ападкаў (49 працэнтаў за кліматычную норму). Такая і меншая колькасць ападкаў у маі адзначаецца прыкладна адзін раз у 10 гадоў. Засушлівае надвор'е адзначалася і ў пачатку чэрвеня: за першую дэкаду ў сярэднім па Беларусі выпала 2,6 мм ападкаў - толькі 10 працэнтаў нормы.

Затым засуха змянілася моцнымі дажджамі. Па Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцях у многіх раёнах за першую палавіну ліпеня выпала месячная норма ападкаў, а ў Брэсцкім раёне - амаль дзве месячныя нормы. Цёплае дажджлівае надвор'е чакаецца ў Беларусі і на бягучым тыдні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі