Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 жніўня 2016, 15:28

ВПС Беларусі атрымаюць новыя вучэбна-баявыя самалёты Як-130

22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парк ваеннай авіяцыі Беларусі ў бліжэйшы час папоўніцца новай авіятэхнікай, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства абароны.

"У бліжэйшы час будзе ажыццёўлена пастаўка верталётаў Мі-8 МТВ-5. Прынята рашэнне аб закупцы чатырох вучэбна-баявых самалётаў Як-130", - праінфармавалі ў прэс-службе.

У Мінабароны адзначылі, што ўдасканаленне і развіццё авіяцыі ВПС і войскаў ППА ажыццяўляецца з улікам сусветных тэндэнцый развіцця форм і спосабаў прымянення груповак войскаў, стварэння і ўдасканалення ўзбраення і ваеннай тэхнікі ў рамках рэалізацыі плана будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2020 года. "У 2015 годзе на ўзбраенне ВПС і войскаў ППА паступілі найноўшыя вучэбна-баявыя самалёты Як-130, якія не маюць аналагаў у сваім класе. Па даручэнні Прэзідэнта праведзены капітальны рамонт 10 самалётаў МіГ-29", - удакладнілі ў міністэрстве.

Сёння авіяцыя ВПС і войскаў ППА часткай сіл і сродкаў разам з воінскімі часцямі зенітных ракетных і радыётэхнічных войскаў нясуць сумеснае баявое дзяжурства па проціпаветранай абароне дзяржавы, забяспечваючы суверэнітэт ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі. Экіпажы паветраных суднаў выконваюць і іншыя не менш важныя баявыя задачы, у тым ліку пошукава-выратавальныя работы, дапамогу органам унутраных спраў у праваахоўнай дзейнасці, прадастаўленне ў экстранных выпадках паветраных суднаў для аказання медыцынскай дапамогі.

"Цяперашняе пакаленне ваенных лётчыкаў удасканальвае лётную вывучку, наглядна дэманструе высокую гатоўнасць і ўменне вырашаць складаныя вучэбна-баявыя задачы", - падкрэслілі ў прэс-службе. Па планах сумеснай падрыхтоўкі са злучэннямі, часцямі і падраздзяленнямі родаў войскаў ВПС і войскаў ППА, войскаў аператыўных камандаванняў, сіл спецыяльных аперацый, сілавых ведамстваў выканана больш як 1,2 тыс. вылетаў, перавезена амаль 150 т грузаў.

У бягучым годзе праведзены шэраг лётна-тактычных вучэнняў авіяцыйных воінскіх часцей і падраздзяленняў. Экіпажамі 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы выканана 8 баявых пускаў кіруемых ракет "паветра-паветра" з Як-130. З 2012 года задача падрыхтоўкі экіпажаў знішчальнай авіяцыі вырашаецца без перабазіравання на палігоны Расіі і дадатковых матэрыяльных затрат.

Высокае лётнае майстэрства прадэманстравалі экіпажы авіяцыйных воінскіх часцей у ходзе паветранага парада да Дня Незалежнасці Беларусі. Упершыню ў гісторыі авіяцыі на аэрадромны ўчастак дарогі ў начных умовах прызямліліся Як-130, Су-25, пілатуемыя лётчыкамі 116-й гвардзейскай Чырванасцяжнай Радамскай штурмавой авіяцыйнай базы, а таксама МіГ-29 - 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы.

"Сучаснае пакаленне воінаў-авіятараў паспяхова вырашае задачы па забеспячэнні ваеннай бяспекі дзяржавы", - дадалі ў Мінабароны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі