Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 лістапада 2017, 13:42

Воінскія часці ў Беларусі планава аснашчаюцца сістэмамі відэанагляду - Раўкоў

4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Воінскія часці ў Беларусі планава аснашчаюцца сістэмамі відэанагляду, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА міністр абароны Андрэй Раўкоў.

Сістэмы відэанагляду ўжо ўстаноўлены ў шэрагу часцей. "Там, дзе мы робім капітальны рамонт казармаў, устанаўліваем гэтыя сістэмы", - адзначыў Андрэй Раўкоў. Па такім жа прынцыпе імі будзе аснашчацца і вайсковая часць у Печах. Цяпер там рамантуецца казарма, запланаваны рамонт яшчэ дзвюх. Міністр расказаў, што намечаны цэлы комплекс мер для паляпшэння матэрыяльнай базы вучэбнага цэнтра. Так, у Печах пачынаецца рамонт клуба, запланаваны ён таксама ў сталовай, лазні.

Закранаючы іншыя задачы, якія стаяць перад цэнтрам, Андрэй Раўкоў нагадаў, што тут трэба будзе завяршыць у планавыя тэрміны выпуск спецыялістаў, якасна падрыхтавацца да прыёму новага папаўнення. "Неабходна падрыхтаваць размяшчэнне, людзей, каб прыняць моладзь і паставіць яе ў строй да прысягі - правесці курс маладога байца", - растлумачыў міністр.

Па 72-м цэнтры зацверджаны план па ўдасканаленні. Меры маюць кадравы, арганізацыйны, тэхнічны характар. Працэс ідзе, ён планавы. "Сістэма ёсць, яна працуе. Так, у некаторых месцах бываюць збоі і іх трэба ліквідаваць, чым мы і займаемся", - падкрэсліў Андрэй Раўкоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі