Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 ліпеня 2018, 17:40

Вашчанка: пры рабоце з моладдзю ў сферы бяспекі важна развіваць міжнародныя сувязі

12 ліпеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Работа з моладдзю - адзін з прыярытэтаў дзейнасці МНС, у якой вельмі важна развіваць міжнародныя сувязі на ўзроўні рэспублікі і асобных ведамстваў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір Вашчанка на цырымоніі адкрыцця ХVI Міжнароднага злёту юных ратавальнікаў-пажарных у Гомельскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На думку міністра, магчымасць стасункаў дзяцей з розных краін і абмен вопытам у сферы бяспекі - залог паспяховага міжнароднага супрацоўніцтва ў будучым.

Пры пастраенні на пляцы ў спецыялізаваным ліцэі пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Уладзімір Вашчанка асабіста вітаў кожную каманду ўдзельнікаў злёту. У бягучым годзе ён сабраў юных ратавальнікаў-пажарных з 13 дзяржаў. Каб заявіць аб сабе на міжнародным узроўні, дзяўчаты і хлопцы з Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Грузіі, Германіі, Італіі, Казахстана, Латвіі, Польшчы, Расіі, Сербіі і Украіны прайшлі рэгіянальныя і рэспубліканскія адборы ў сябе на радзіме.

Беларусь прадстаўляе каманда са сталіцы - пераможцы XX Рэспубліканскага злёту юных ратавальнікаў. Пасля шматгадовага перапынку да спаборніцтва далучылася моладзь з Германіі. Чацвёрты раз прывозіць сваіх падапечных Эджыдыа Лакана з Італіі. "Заўсёды чакаем гэты час, каб вярнуцца ў Беларусь. Яна стала для нас другім домам - тут усё прыемна і знаёма", - сказаў кіраўнік каманды. Дзявочы склад заяўлены ад Польшчы. Дзяўчаты маюць намер паказаць свой узровень падрыхтоўкі і імкненне да перамогі. Расію прадстаўляе моладзь з Санкт-Пецярбурга і Нягані.

У Год малой радзімы ў Беларусі ўдзельнікаў пазнаёмілі з гісторыяй і традыцыямі Гомельскай вобласці. У імправізаванай гістарычнай алеі гасцей сустракалі ажыўшыя скульптуры княгіні Ірыны Паскевіч і яе мужа Фёдара Іванавіча. Свае ўменні паказалі рамеснікі і шаржысты. Самі ўдзельнікі злёту праявяць свае таленты ўжо заўтра.

У праграме маладзёжнага форуму юных ратавальнікаў сем конкурсаў, а таксама майстар-класы па асновах бяспекі жыццядзейнасці. У бліжэйшыя дні камандам давядзецца стварыць і прэзентаваць сваю "Візітную картку", прайсці "Пажарную эстафету", выдаць актуальны выпуск Newspaper - Billboard. Таксама пройдуць спаборніцтвы па аказанні першай дапамогі, праходжанні турыстычнай паласы, "Спартландыя" і "Зводныя палявыя вучэнні". Хлопцаў і дзяўчат чакаюць экскурсіі, дыскатэкі, кастры дружбы.

"Наша моладзь таксама ўдзельнічае ў такіх мерапрыемствах у іншых краінах. Нядаўна каманда вярнулася з Азербайджана. Пабывала таксама ў Латвіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі, Украіне. Гэта выдатная магчымасць прадэманстраваць свае навыкі, веды, уменні і падрыхтоўку і, вядома, прадставіць нашу цудоўную краіну", - падкрэсліў Уладзімір Вашчанка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі