Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 кастрычніка 2018, 17:55

Ваенныя інжынеры штогадова ўзводзяць у вёсках Беларусі па 3-4 малыя масты

22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У вёсках Беларусі ваенныя інжынеры штогод узводзяць па 3-4 малыя масты. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў камандзір 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады палкоўнік Валерый Жураўлёў у час адкрыцця драўлянага аўтамабільнага моста ў вёсцы Крынка Асіповіцкага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэтым годзе мы пабудавалі ўжо тры драўляныя нізкаводныя масты ў Віцебскай, Гродзенскай абласцях і тут - у вёсцы Крынка. Яшчэ трэба будзе пабудаваць такую ж пераправу ў Жыткавіцкім раёне. У сярэднім штогод у вёсках Беларусі мы будуем 3-4 малыя масты па просьбе мясцовых выканаўчых улад", - сказаў Валерый Жураўлёў.

Будуюць малыя масты, што, як правіла, злучаюць размешчаныя на розных берагах рэк вёскі, ваенныя бясплатна. "Будаўніцтва драўляных мастоў мы выконваем у рамках баявой падрыхтоўкі. Кожныя паўгода да нас прыходзяць новыя ваеннаслужачыя, іх абучэнне мы вядзём з нуля. Таму мы не толькі аказваем дапамогу жыхарам вёсак, але і навучаем новае папаўненне ваенных інжынераў", - адзначыў палкоўнік.

Грузападымальнасць моста складае 35-40 т. У залежнасці ад умоў надвор'я ён павінен прастаяць 10-15 гадоў. Рака Пціч раздзяляе вёску Крынка на дзве часткі: асноўная знаходзіцца на паўночным беразе, а сем двароў размяшчаюцца на паўднёвым. У вёсцы пражываюць як пастаянныя жыхары, так і дачнікі, усяго каля 70 чалавек.

Паводле слоў старшыні Асіповіцкага раённага Савета дэпутатаў Сяргея Сувеева, мост у вёсцы вельмі чакалі. "На паўднёвым беразе ў нас жывуць людзі састарэлага ўзросту. Ім патрэбна дастаўка прадуктаў, магчымасць выклікаць хуткую дапамогу. Мост у гэтым плане мае больш сацыяльнае значэнне, чым народнагаспадарчае. Папярэдні мост быў пабудаваны ў 2005 годзе і адслужыў 12 гадоў. Кіраўніцтва раёна звярнулася да міністра абароны Андрэя Раўкова за дапамогай, было атрымана адабрэнне, і ваеннаслужачыя 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады з 26 верасня па 20 кастрычніка пабудавалі нам моцны аўтамабільны мост", - паведаміў Сяргей Сувееў.

Моста ў вёсцы не было амаль паўгода, існавала толькі пешаходная пераправа. Аўтатранспарту медыцынскага абслугоўвання і дастаўкі прадуктаў харчавання даводзілася ехаць па кругавой дарозе. Калі ваенныя інжынеры знеслі частку старога пешаходнага моста, мясцовых жыхароў з аднаго берага ракі на другі ваенныя і супрацоўнікі МНС перапраўлялі на лодках.

Яўген Мірановіч жыве ў паўднёвабярэжнай частцы вёскі Крынка ўжо 45 гадоў і апошнія тры гады па стане здароўя не выходзіць за межы двара. "Мост вельмі патрэбны нам. Мне прадукты прывозяць зяць і дачка. Раней ім даводзілася далёка аб'язджаць, каб да мяне трапіць. Цяпер нас выратуе мост. І хуткай дапамозе зручна праехаць, мы тут людзі старыя, урач можа спатрэбіцца ў любы час", - сказаў ён.

Мясцовая жыхарка Марыя Кузьміч таксама радуецца новаму мосту. Паўночны бераг яна наведвае частка: то ў прадуктовую краму трэба, то пошта пенсію прывязе. "Апошні месяц людзей на лодках вазілі на той бераг. Я не ездзіла, сядзела дома. Прадукты дзеці прывозілі - вакол аб'язджалі і на лодцы перапраўляліся. Вядома, мост нам вельмі патрэбны. Летам яшчэ можна па кругавой дарозе аб'ехаць, а зімой? Яе магло занесці, вясной там вельмі брудна, так і сядзелі. А цяпер у любы час можна перайсці, буду да сябровак хадзіць у госці. Дзякуй ваенным", - падзякавала Марыя Кузьміч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі