Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 лістапада 2017, 14:52

Узровень злачыннасці ў Беларусі штогод зніжаецца на 6-8 працэнтаў - Шуневіч

14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узровень злачыннасці ў Беларусі штогод зніжаецца на 6-8 працэнтаў, паведаміў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч на першым пасяджэнні грамадскага савета пры МУС у новым складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Узровень злачыннасці ў краіне зніжаецца чацвёрты год запар - штогод на 6-8 працэнтаў. "Ідзе ўпэўненая дэкрыміналізацыя грамадства, я маю на ўвазе ў першую чаргу цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Стала менш забойстваў, менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў, у тым ліку ў быце", - сказаў Ігар Шуневіч. Толькі ў гэтым годзе дзякуючы прафілактыцы сямейнага насілля ўдалося захаваць жыцці 40 чалавек.

Стала менш нарказлачынстваў, хуліганстваў, нанясення цялесных пашкоджанняў, якія ўчыняюцца ў грамадскіх месцах. Павялічылася колькасць махлярстваў. Больш выяўляецца карупцыйных злачынстваў. Гэта тлумачыцца ў першую чаргу эфектыўнасцю работы адпаведных службаў - не толькі МУС, але і КДБ, Генпракуратуры.

У цэлым аператыўная абстаноўка і грамадскі парадак знаходзяцца пад поўным кантролем, адзначыў Ігар Шуневіч. У той жа час, паводле яго слоў, большую ўвагу неабходна ўдзяліць пытанням прафілактыкі. У сувязі з гэтым ён прапанаваў грамадскаму савету пры МУС разгледзець эфектыўнасць дзеяння закона аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў.

У Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі сёння праходзіць першае пасяджэнне грамадскага савета пры МУС у новым складзе. Грамадскі савет пры МУС створаны ў сакавіку 2013 года. Ён з'яўляецца кансультацыйным органам, які прыцягваецца да абмеркавання найбольш важных аспектаў дзейнасці органаў унутраных спраў, а таксама прызначаны выбудоўваць канструктыўны дыялог паміж праваахоўнікамі і грамадскасцю. У яго склад уваходзяць прадстаўнікі айчыннай навукі, культуры і мастацтва, кіраўнікі буйнейшых прадпрыемстваў і грамадзянскіх аб'яднанняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі