Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 мая 2019, 17:55

Узнагароды спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў уручылі ў БДУ

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ушаноўванне лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў адбылося ў БДУ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пасведчаннямі аб узнагароджанні нагруднымі знакамі адзначаны 15 чалавек: пераможцы Міжнароднай студэнцкай алімпіяды ў галіне інфарматыкі і праграміравання (Расія, 2017) Цімафей Бабашоў, Канстанцін Вільчэўскі, Кірыл Гулін, Ягор Дубовік, Ілья Клімко, Фёдар Карабейнікаў, Данііл Мельнічэнка, Аляксей Рак, Ілья Сцяпанаў, Мікіта Грэчыха, Ілья Мядзянікаў, Міхаіл Наталевіч, а таксама прызёры 24-й Міжнароднай студэнцкай алімпіяды па матэматыцы (Балгарыя, 2017) Святаслаў Барадачоў, Лізавета Манжуліна і Барыс Серанкоў.

Пасведчаннямі аб назначэнні стыпендыі Прэзідэнта Беларусі за поспехі ў вучобе і навуцы ўзнагароджаны 25 чалавек. Чатыром студэнтам уручылі пасведчанні аб заахвочванні ў выглядзе матэрыяльнай дапамогі.

Акрамя таго, 45 пераможцаў XXIII Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў, 55 пераможцаў XXIV Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ, а таксама пераможцы Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды 2018 года атрымалі пасведчанні аб узнагароджанні прэміяй.

За асобы ўклад у развіццё здольнасцей адораных студэнтаў і навучэнцаў пасведчаннямі заахвочвальных прэмій фонду ўзнагароджаны супрацоўнікі БДУ. У іх ліку: дацэнты кафедры вышэйшай матэматыкі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Максім Васькоўскі і Барыс Задворны, загадчык кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімічнага факультэта Віктар Хвалюк, дацэнты біялагічнага факультэта Аксана Губіч, Аляксандра Лаганенка, Уладзіслава Мяміна і Аляксандра Храмцова.

Усяго студэнтам і работнікам БДУ ўручаны 165 пасведчанняў і нагрудных знакаў лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

"Патрабаванні сучаснай эканомікі ў тым, каб малады чалавек быў крэатыўным, інавацыйным, і каб за навукова-даследчай дзейнасцю быў канкрэтны практычны вынік. Такія работы і рэалізавалі нашы студэнты. Яны выконвалі навуковыя даследаванні, працавалі сумесна з педагогамі. Сёння ўзнагароджваюцца і педагогі, якія ажыццяўлялі гэту дзейнасць са студэнтамі. А што датычыцца тэматыкі работ, то яна разнастайная: ад біятэхналогій да лічбавай эканомікі", - сказала першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава.

Паводле яе слоў, гэта своеасаблівае заахвочванне і сістэма дзяржпадтрымкі таленавітай моладзі, якая рэалізуе сябе ў навукова-даследчай дзейнасці. "Моладзі важна адчуваць і разумець сваю запатрабаванасць і неабходнасць. Ушаноўванне лепшых - гэта магчымасць паказаць спецыялістаў, якія здольны стратэгічна мысліць, выконваць найскладанейшыя навукова-даследчыя задачы, рэалізоўваць важныя сацыяльныя, грамадскія, эканамічныя напрамкі развіцця дзяржавы", - адзначыла першы намеснік міністра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі