Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 ліпеня 2017, 14:46

Увядзенне ў Расіі курортнага збору кардынальна не паўплывае на адпачынак беларусаў - эксперт

24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Увядзенне Дзярждумай РФ курортнага збору ў некаторых рэгіёнах кардынальна не паўплывае на адпачынак беларусаў. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Беларусі Валянцін Цэхмейстэр.

Дзярждума Расіі прыняла закон аб курортным зборы. Турысты ў 2018-2022 гадах будуць плаціць за карыстанне курортнай інфраструктурай у Алтайскім, Краснадарскім і Стаўрапальскім краях, Крыме. Яны будуць пералічваць збор гасцініцам або ІП, у якіх здымаюць жыллё. Плануецца, што грошы пойдуць на развіццё транспартнай інфраструктуры.

Валянцін Цэхмейстэр звярнуў увагу, што ў гэтых рэгіёнах адпачывае не так шмат беларусаў. Да таго ж памер збору наўрад ці можа істотна паўплываць на планы турыстаў, лічыць эксперт. У 2018 годзе збор будзе 50 расійскіх рублёў у суткі (прыкладна Br1,6 па цяперашнім курсе), у 2019-2022 гадах - 100 расійскіх рублёў у суткі (Br3,2). "Новыя зборы заўсёды крыху насцярожваюць турыстаў. Калі на адпачынак едзе сям'я - тры-чатыры чалавекі, то дадаткова трэба будзе заплаціць пэўную суму. Але ў рамках трат на ўвесь адпачынак не думаю, каб гэта вельмі палохала людзей", - адзначыў Валянцін Цэхмейстэр.

Турыстычныя зборы сёння ёсць у многіх краінах - Італіі, Францыі, Іспаніі, Германіі і інш. Некаторыя асабліва папулярныя рэгіёны ўвядзеннем дадатковай платы спрабуюць абмежаваць паток турыстаў, іншыя з дапамогай дадатковага збору разлічваюць развіваць турыстычную інфраструктуру для прыцягнення большай колькасці замежных гасцей. У апошнім выпадку прынцыпова важна, як будуць расходавацца атрыманыя сродкі, ці будзе празрыстым механізм іх размеркавання, звярнуў увагу дырэктар РСТА.

У Беларусі курортны збор плацяць адпачывальнікі ў санаторыях. Ён складае 1-3 працэнты ад кошту пуцёўкі. Акрамя таго, апошнія некалькі гадоў абмяркоўваецца магчымасць стварэння ў краіне турыстычнага фонду (для экстраннай дапамогі турыстам, кампенсацыі сарванага адпачынку), але пакуль не вызначана, за кошт якіх сродкаў ён будзе папаўняцца. Адзін з варыянтаў, які разглядаўся, - пералічваць у фонд $0,5 пры продажы замежнага туру, аднак абмяркоўваюцца і іншыя варыянты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі