Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 кастрычніка 2018, 12:40

Увядзенне ў Беларусі біяметрычных дакументаў перанесена на 2020 год

2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Увядзенне ў Беларусі біяметрычных дакументаў перанесена на 2020 год з-за інтэграцыі інфармацыйных сістэм. Аб гэтым інфармуе газета "СБ Беларусь сегодня" са спасылкай на намесніка начальніка ўпраўлення па грамадзянстве, пашпартнай рабоце і выездзе за мяжу Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Паўла Хрышчановіча, паведамляе БЕЛТА.

Прадугледжваецца, што першыя дакументы новага ўзору - ID-карткі і біяметрычныя пашпарты - можна будзе атрымаць 1 студзеня 2020 года, а не 2019-га, як планавалася раней. Паводле слоў Паўла Хрышчановіча, з боку МУС усё гатова да пачатку выпуску дакументаў. "Да канца года да нас паступіць закупленае абсталяванне, і тэарэтычна мы маглі б запусціць працэс вытворчасці ID-картак і біяметрычных пашпартоў ужо з пачатку наступнага года. Аднак мы бачым, што ў гэтым пакуль няма сэнсу, паколькі, па сутнасці, гэта будзе толькі голы пластык", - адзначыў праваахоўнік.

Каб увесці ў абарачэнне ID-карткі, неабходна злучыць паміж сабой усе інфармацыйныя сістэмы, да якіх будзе мець доступ грамадзянін. Сёння ўсе гэтыя базы даных працуюць на розных платформах. "Сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі намі падрыхтавана дарожная карта па рэалізацыі гэтага праекта. Дакумент заняў 15 лістоў і дакладна абазначыў, хто і якім чынам адказвае за пэўныя этапы работы па ўкараненні новай сістэмы ў жыццё", - сказаў Павел Хрышчановіч. Ён дадаў, што адным з этапаў стане адкрыццё першага ў краіне Цэнтра персаналізацыі даных. Менавіта сюды ў рэжыме рэальнага часу будзе паступаць інфармацыя з усіх аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі.

Да 2020 года ў кожным АГіМ з'явяцца рабатызаваныя машыны, якія ўжо закупілі ў кітайскай кампаніі. Яны без удзелу супрацоўнікаў міліцыі змогуць сфатаграфаваць чалавека і зафіксаваць яго адпячатак пальца. Гэта інфармацыя стане асновай ідэнтыфікацыйных пасведчанняў.

Як паведамлялася, ID-картка заменіць некаторыя функцыі сённяшняга пашпарта і будзе адзіным дакументам, які засведчвае асобу. Новы біяметрычны пашпарт будзе дакументам толькі для выезду за мяжу. На тэрыторыі Беларусі ён юрыдычнай сілы мець не будзе - гэта роля пяройдзе да ідэнтыфікацыйнай карткі. Таксама новымі біяметрычнымі дакументамі будзе заменена ўся лінейка дакументаў, якія дзейнічаюць у Беларусі. Гэта службовы і дыпламатычны пашпарты, праязны дакумент бежанца і праязны дакумент асобы без грамадзянства. ID-карткі будуць выдавацца, акрамя грамадзян Беларусі, іншаземцам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у краіне.

Пашпарт і ID-картка будуць выдавацца ў абавязковым парадку з 14 гадоў. Але картка можа выдавацца і па жаданні законных прадстаўнікоў непаўналетняга дзіцяці з моманту яго нараджэння. Таксама ў ID-картцы будзе прывязка да рэгістрацыі, у пашпарце ж яна будзе адсутнічаць. Гэта значыць, штампаў аб прапісцы ў пашпартах больш не будзе, у электронным выглядзе такія даныя будуць змяшчацца на картцы. І ніякіх адзнак, акрамя віз, у новых пашпартах не прадугледжана.

Кошт ID-карткі складае 1 базавую велічыню (цяпер 1 БВ - Br24,5). Пашпарт будзе каштаваць 3 базавыя. Працэдура атрымання біяметрычнага пашпарта будзе неабавязковай, грамадзяне змогуць выкарыстоўваць стары дакумент разам з ID-карткай. У электронным чыпе новага пашпарта будуць прысутнічаць персанальныя даныя грамадзяніна. У прыватнасці, фатаграфія, электронны подпіс і адпячаткі пальцаў. Гэта робіцца для таго, каб аблягчыць праходжанне адпаведных відаў кантролю на граніцы, спрасціць пэўныя механізмы атрымання віз і павялічыць ступень абароны пашпарта грамадзяніна Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі