Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 студзеня 2018, 15:17

Усе жадаючыя могуць сустрэцца з вядомымі ўрачамі ў галіне неўралогіі і кардыялогіі

11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адкрытыя сустрэчы з вядомымі ўрачамі ў галіне неўралогіі і кардыялогіі стартавалі для ўсіх жадаючых у Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першая такая сустрэча прайшла сёння на тэрыторыі паліклінікі нумар 39 Мінска. Яна дала старт другому этапу сацыяльнага праекта "У адным вымярэнні", накіраванага на барацьбу з інсультамі і інфарктамі. У канцы студзеня выязное мерапрыемства з удзелам профільных урачоў пройдзе ў Гродне. Затым сустрэчы прадоўжацца ў іншых абласных і раённых гарадах. "Акцэнт робім на рэгіёнах, дзе ў людзей не такія шырокія магчымасці для доступу да самай новай і дакладнай інфармацыі", - адзначыла анестэзіёлаг-рэаніматолаг, кіраўнік партала "Здаровыя людзі" Вольга Святліцкая.

У ходзе сустрэч усе наведвальнікі змогуць задаць пытанні ўрачам, атрымаць вычарпальную інфармацыю аб прычынах інсульту, метадах дыягностыкі і прафілактыкі, атрымаць урачэбную кансультацыю і персанальныя рэкамендацыі. Акрамя таго, будуць арганізаваны зоны для вымярэння ціску з дапамогай танометраў новага пакалення, абсталяваных тэхналогіяй AFIB. Восенню 2017 года гэтыя прыборы з'явіліся ў Беларусі. Тэхналогія здольна выяўляць мігатлівую арытмію - прычыну інсультаў з самымі цяжкімі наступствамі.

Сацыяльны праект "У адным вымярэнні" стартаваў у кастрычніку 2017 года. Першым этапам яго рэалізацыі сталі відэаролікі з удзелам вядомых людзей, якія падзяліліся сваімі гісторыямі, звязанымі з гэтымі захворваннямі. Праект арганізаваны Нацыянальным парталам "Здаровыя людзі" і вытворцам танометраў Microlife пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя. Мерапрыемствы накіраваны на барацьбу з праблемай інсультаў і інфарктаў, яны прызначаны звярнуць увагу насельніцтва на тое, што большасць праблем, звязаных з гэтымі захворваннямі, можна прадухіліць дзякуючы здароваму ладу жыцця.

У свеце кожную шостую секунду адзін чалавек памірае ад інсульту. Пацыентамі становяцца як пажылыя, так і маладыя людзі, якія не сочаць за сваім здароўем і грэбуюць простымі правіламі прафілактыкі - рэгулярнымі назіраннямі ва ўрачоў і вымярэннем артэрыяльнага ціску.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі