Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 верасня 2017, 15:27

Усе расійскія ваенныя, якія ўдзельнічаюць у вучэнні, прыехалі ў Беларусь на "Захад-2017", прыбыццё іншых падраздзяленняў не прадугледжана

15 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усе расійскія ваенныя, якія ўдзельнічаюць у вучэнні, прыехалі ў Беларусь на "Захад-2017", прыбыццё іншых падраздзяленняў не прадугледжана. Аб гэтым 14 верасня журналістам паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Уладзімір Макараў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прадстаўнік Мінабароны адзначыў, што ўсе падраздзяленні расійскага складніка рэгіянальнай групоўкі войскаў прыбылі і знаходзяцца на палігонах, пачалі адпрацоўку вучэбных пытанняў. "Прыбыццё іншых расійскіх падраздзяленняў на вучэнне на тэрыторыю Беларусі не прадугледжана", - падкрэсліў ён.

"Калі пытанні адпрацоўваюцца ў Расіі, то без перагрупоўкі на тэрыторыю Беларусі - гэта афіцыйная інфармацыя", - дадаў Уладзімір Макараў. Калі перадыслакацыя і адбываецца, то на расійскія палігоны - у вучэнні "Захад-2017" іх задзейнічана тры, дадаў ён. Прычым беларускія падраздзяленні на гэтых палігонах не задзейнічаны.

Прэс-сакратар таксама звярнуў увагу, што ў гэтыя дні ў Беларусі не прадугледжана правядзення іншых вучэнняў, акрамя "Захаду-2017".

Сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017" пачалося 14 верасня. Вучэнне прадоўжыцца да 20 верасня. На тэрыторыі Беларусі будуць задзейнічаны палігоны Лепельскі, Барысаўскі, Лосвіда, Асіповіцкі, два палігоны ВПС і войскаў ППА - Ружанскі і Даманаўскі, а таксама два ўчасткі мясцовасці ў Віцебскай вобласці - Дрэтунь і Глыбокае. У Расіі яно пройдзе на палігонах Лужскі, Стругі Чырвоныя і Праўдзінскі ў Калінінградскай, Ленінградскай і Пскоўскай абласцях.

Пры вызначэнні задумы вучэння "Захад-2017" улічваліся сучасныя падыходы да прымянення войскаў (сіл) на аснове вопыту сучасных узброеных канфліктаў. У аснову задумы "Захаду-2017" пакладзены варыянт узнікнення крызіснай сітуацыі і нарастання канфлікту, звязаны з узрастаннем актыўнасці незаконных узброеных фарміраванняў, міжнародных сепаратысцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія маюць знешнюю падтрымку. Пры гэтым проціборствуючыя бакі ўмоўна размешчаны ў межах рэальных граніц Беларусі: з аднаго боку - "Паўночныя", якія ўключаюць Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі, з другога - "Заходнія" - кааліцыя зацікаўленых дзяржаў. Па такім сцэнарыі пачыналіся ўсе ўзброеныя канфлікты апошнім часам.

Колькасць асабовага складу, што ўдзельнічае ў вучэнні, складае каля 12,7 тыс. ваеннаслужачых. Пры гэтым у Беларусі будзе задзейнічана каля 10,2 тыс. чалавек (ад Беларусі - крыху больш за 7 тыс., Расіі - каля 3 тыс.), 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку амаль 140 танкаў. Таксама будзе выкарыстана да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш за 40 самалётаў і верталётаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі