Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 студзеня 2018, 16:04

Урачыстая цырымонія адкрыцця Года турызму Беларусі ў Кітаі адбылася ў Чунцыне

10 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Урачыстая цырымонія адкрыцця Года турызму Беларусі ў Кітаі адбылася 10 студзеня ў кітайскім горадзе Чунцыне на турыстычным форуме "Беларусь вітае Кітай", паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Пекіне.

У час мерапрыемства намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной зачытаў прывітальнае пасланне намесніка прэм'ер-міністра Васіля Жарко з нагоды адкрыцця Года турызму Беларусі ў Кітаі. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды адзначыў, што гуманітарныя сувязі і турызм займаюць асаблівае месца ў двухбаковых адносінах. Яны збліжаюць народы, умацоўваюць давер, фарміруюць добрую аснову міждзяржаўных адносін. Чакаецца, што правядзенне Года турызму створыць пазітыўны інфармацыйны фонд для папулярызацыі беларускага турызму ў Кітаі і пасадзейнічае павелічэнню турыстычных абменаў.

Намеснік губернатара Мінскай вобласці Віктар Сірэнка адзначыў, што Беларусь і Кітай ужо чвэрць стагоддзя звязваюць дружалюбныя і партнёрскія адносіны. Мінская вобласць з'яўляецца рэгіёнам-пабрацімам Чунцына, і адносіны паміж рэгіёнамі з кожным годам мацнеюць і развіваюцца. Бакі зацікаўлены ў рэалізацыі сумесных ініцыятыў і праектаў.

У форуме таксама прынялі ўдзел буйнейшыя турыстычныя кампаніі Беларусі і Кітая, адбылася прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу Беларусі і Мінскай вобласці, а таксама цырымонія падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве ў галіне турызму паміж Мінскай вобласцю і Чунцынам.

У культурнай праграме мерапрыемства было выступленне лаўрэата міжнародных конкурсаў і фестываляў фальклорнай групы Беларускай дзяржаўнай філармоніі "Купалінка". У Чунцыне 10-11 студзеня запланаваны таксама ўрачысты канцэрт, прысвечаны адкрыццю Года турызму, выстаўка сучаснай беларускай фатаграфіі і адкрыццё магазіна беларускай прадукцыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі