Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 жніўня 2017, 15:33

Унікальнаму сямейнаму экіпажу з Дзятлаўскага раёна непасрэдна ў полі ўручылі пуцёўку ў санаторый

9 жніўня, Дзятлава /Кар. БЕЛТА/. Унікальнаму сямейнаму экіпажу, у складзе якога поплеч працуюць муж і жонка, непасрэдна ў полі ўручылі пуцёўку ў прафсаюзны санаторый, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Для мужа і жонкі Паўла і Таццяны Богданаў з ААТ "Граніт-Агра" Дзятлаўскага раёна гэта ўжо чацвёртая сумесная ўборачная кампанія. Прычым на работу на камбайне Таццяна выходзіла нават у час дэкрэтнага водпуску. Працуе пара на беларускім камбайне КЗС 1218 "Палессе GS12": шэсць гадоў таму машыну з завода за якасную работу ўручылі механізатару Паўлу Богдану. "За гэты час сур'ёзных праблем не было. Камбайн надзейны, камфортны. Але тое, як ён працуе, залежыць перш за ўсё ад чалавека. Калі добра падрыхтуеш, то непрыемных сюрпрызаў у полі не будзе", - адзначае ён. З жонкай, кажа Павел Богдан, поўнае ўзаемаразуменне як у быце, так і ў рабоце. Камбайн яна ведае не горш за механіка. Разам яны намалацілі ўжо каля 500 т збожжа.

Унікальны экіпаж, а ў Гродзенскай вобласці ён адзіны ў такім складзе, сёння непасрэдна ў полі ўшаноўвалі прадстаўнікі прафсаюзаў. Старшыня абласной арганізацыі прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў Аксана Дзесятнічэнка ўручыла маладому сямейнаму экіпажу пуцёўку на 12 дзён у санаторый з поўным комплексам медыцынскіх паслуг. "Прафсаюзы заўсёды вялікую ўвагу ўдзялялі аздараўленню працоўных. Такім чынам мы вырашылі заахвоціць унікальны сямейны экіпаж. Іх вопыт - выдатны прыклад таго, што моладзь можа сябе рэалізаваць і ў вёсцы", - адзначыла яна. Уручыў каштоўны падарунак камбайнерам і старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Іван Алізаровіч, які адзначыў, што сёння ў вобласці працуе 104 сямейныя экіпажы. Часцей за ўсё на камбайнах сумесна працуюць бацькі з сынамі і браты, а вось жанчын на ўборцы няшмат, заўважыў ён.

Уборачная кампанія ў Гродзенскай вобласці набірае тэмпы. Збожжавыя ўбраны на 37 працэнтах плошчаў. Намалочана больш за 540 тыс. т збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць - больш за 44 ц/га. У лідарах уборкі Гродзенскі раён: тут у некалькіх гаспадарках ураджайнасць перасягнула 90 ц/га.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі