Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 мая 2018, 19:08

Удзел у WorldSkills павышае якасць падрыхтоўкі спецыялістаў у Беларусі - Галубоўскі

17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чэмпіянат WorldSkills стаў эфектыўнай пляцоўкай для ўзаемадзеяння сферы адукацыі і рэальнага сектара эканомікі, падрыхтоўка да яго падымае планку якасці прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў Беларусі. Такое меркаванне выказаў журналістам у прэс-цэнтры БЕЛТА рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі.

"WorldSkills - не проста чэмпіянат, а сур'ёзная платформа для ўзаемадзеяння сферы адукацыі і рэальнага сектара эканомікі. Конкурс накіраваны на папулярызацыю рабочых прафесій сярод моладзі, важны з пункту гледжання абнаўлення зместу адукацыйнага асяроддзя. Падрыхтоўка да яго, калі яна мае сістэмны характар, выводзіць прафесiйна-тэхнічную адукацыю на новы ўзровень. Гэта і адтэрмінаваны эканамічны эфект для прадпрыемстваў, якія атрымліваюць больш падрыхтаваных спецыялістаў, і павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці краіны", - лічыць Валерый Галубоўскі.

Прарэктар па выхаваўчай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, галоўны эксперт III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2018 па кампетэнцыі "Кулінарнае майстэрства" Вольга Мацыкова адзначыла, што, прымаючы ўдзел у такіх міжнародных спаборніцтвах, беларускія спецыялісты могуць вывучаць самыя сучасныя тэхналогіі, абменьвацца вопытам. "Канкурсанты мінулых гадоў знайшлі сябе ў прафесіі, напрыклад, адна з удзельніц у кампетэнцыі "Кулінарнае майстэрства" прайшла стажыроўку ў Іспаніі ў знакамітага шэф-повара", - расказала Вольга Мацыкова.

Галоўны эксперт па кампетэнцыі "Малярныя і дэкаратыўныя работы" Аляксандр Радзюкоў, які прадстаўляе прыватны бізнес, падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі і навучальных устаноў пры падрыхтоўцы кадраў. "WorldSkills - добрая магчымасць для маладых людзей павысіць сваю кваліфікацыю", - сказаў Аляксандр Радзюкоў.

WorldSkills - міжнародны некамерцыйны рух. Яго мэта - павышэнне прэстыжу рабочых прафесій і развіццё навыкаў майстэрства шляхам гарманізацыі лепшых практык і прафесійных стандартаў ва ўсім свеце праз арганізацыю і правядзенне конкурсаў прафмайстэрства як у кожнай асобнай краіне, так і ва ўсім свеце. Чэмпіянаты WorldSkills праходзяць раз у два гады ў розных краінах, у іх прымаюць удзел маладыя кваліфікаваныя рабочыя, студэнты ўніверсітэтаў і каледжаў, а таксама вядомыя прафесіяналы, спецыялісты, майстры вытворчага навучання і настаўнікі ў якасці экспертаў, якія ацэньваюць выкананне задання.

Фінальны этап III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2018 пройдзе ў Мінску 22-23 мая. Яго пераможцы прадставяць краіну на сусветным чэмпіянаце ў Казані. Беларусь далучылася да руху ў 2014 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі