21 ліпеня, Гродна /Сяргей Гаўрыцкі - БЕЛТА/. У захапленні віртуальнымі гульнямі моладзі не трэба забываць аб асабістай бяспецы ў рэальным свеце. Аб гэтым заявіў сёння міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА аб імклівым распаўсюджванні геалакацыйных гульняў.
"Моладзь перамясціла свае інтарэсы з рэальнага свету ў віртуальны. Мы занепакоены тым, што гэта можа выліцца ў нейкія надзвычайныя здарэнні з пункту гледжання грамадскай, асобаснай, дарожнай бяспекі", - сказаў Ігар Шуневіч.
Адна з такіх гульняў, што працуе па прынцыпе дапоўненай рэальнасці, за кароткі час стала самай папулярнай у свеце. Карыстальнікі шукаюць пакемонаў, якія могуць знаходзіцца ў самых нечаканых месцах: на праезнай частцы, даху, каля небяспечных аб'ектаў.
"Адцягненне ў бок віртуальнасці прыводзіць да нейкіх выключэнняў з пункту гледжання рэальнага свету. Таму тут я магу даць параду моладзі: быць больш уважлівымі ў грамадскіх месцах і не забываць аб асабістай бяспецы", - заўважыў Ігар Шуневіч.
Міністр унутраных спраў сёння прыняў удзел у рабоце калегіі УУС Гродзенскага аблвыканкама. Ігар Шуневіч падкрэсліў, што важным напрамкам у рабоце праваахоўных органаў застаецца забеспячэнне бяспекі грамадзян як у падтрыманні грамадскага парадку, так і ў эканамічнай сферы. Актуальнымі застаюцца пытанні стану злачыннасці ў сельскай мясцовасці, абароны пажылых грамадзян, прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў, барацьбы з наркотыкамі.-0-