Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 кастрычніка 2017, 14:52

У першым этапе вучэнняў па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі прымуць удзел амаль 300 ратавальнікаў

17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 300 ратавальнікаў прымуць удзел у першым этапе вучэнняў па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі, паведамілі БЕЛТА ў МНС.

Маштабная дэманстрацыя сіл і сродкаў пройдзе 18 кастрычніка на палігоне аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі МНС. На практыцы будуць адпрацаваны ліквідацыя надзвычайнай сітуацыі на трансфарматарнай падстанцыі знешняга электразабеспячэння, дзеянні па даставанні людзей з-пад канструкцый, што абрушыліся, ва ўмовах павышанага радыяцыйнага фону, ліквідацыя ЧС на аб'ектах захоўвання паліва ва ўмовах радыяцыйнай аварыі. Таксама работнікі МНС прадэманструюць трэніроўку дзеянняў пры сутыкненні і сходу з рэек чыгуначных саставаў з радыеактыўнымі матэрыяламі і нафтапрадуктамі.

Праверка гатоўнасці сіл і сродкаў да рэагавання ў Астравецкім раёне пройдзе 19 кастрычніка. "Каб не ствараць нязручнасцей грамадзянам, адпрацоўка эвакуацыі будзе праведзена з прыцягненнем статыстаў, а напярэдадні вучэння ратавальнікі адрасна праінфармавалі ўсіх жыхароў вёсак (183 чалавекі ў васьмі населеных пунктах), размешчаных у радыусе 3 км вакол будуемай Беларускай АЭС: расказалі ім аб вучэннях, адпрацаваных пытаннях і навучылі неабходным дзеянням, - расказалі ў МНС. - Таксама прадугледжана праверка гатоўнасці персаналу Беларускай АЭС да лакалізацыі інцыдэнтаў з практычнай адпрацоўкай дзеянняў на трэнажорах блокавага пульта кіравання станцыі".

Як паведамлялася, вучэнні па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі пройдуць у розных раёнах Беларусі 18-19 кастрычніка. У іх прымуць удзел органы кіравання і сіл дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. "Пытанні бяспекі служаць для Беларусі галоўным прыярытэтам пры рэалізацыі першай у краіне ядзерна-энергетычнай праграмы. У адпаведнасці з міжнароднымі рэкамендацыямі дзяржавы, якія ўводзяць у эксплуатацыю буйныя аб'екты ядзернай энергетыкі, павінны правесці серыю вучэнняў па рэагаванні на магчымыя інцыдэнты. Мэта такіх вучэнняў - праверка гатоўнасці сістэмы аператыўнага рэагавання, якая важна ў тым ліку ў працэсе распрацоўкі аварыйных планаў дзеянняў за межамі прамысловай пляцоўкі АЭС. Праводзячы вучэнне, Беларусь дзейнічае ў строгай адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі і зыходзіць з безумоўнай прыярытэтнасці пытанняў забеспячэння бяспекі пры рэалізацыі нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы", - падкрэслілі ў МНС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі