19 снежня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. У Нацыянальным аэрапорце Мінск сустрэлі чатырохмільённага пасажыра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ім аказаўся Усевалад Бяляеў, які прыляцеў з аэрапорта Пулкава (Санкт-Пецярбург).
Юбілейнага пасажыра павіншаваў генеральны дырэктар Нацыянальнага аэрапорта Мінск Дзмітрый Мелікян. "Гэта знакавая лічба, у Беларусі яшчэ такой не было", - сказаў ён.
У сваю чаргу Усевалад Бяляеў расказаў, што нарадзіўся і жыве ў Беларусі. "Але мая работа звязана з продажамі на тэрыторыі СНД, асабліва ў Цэнтральнай і Сярэдняй Азіі. Таму шмат лятаю. Гэта ўжо 205-ы палёт у бягучым годзе, 70-ы - з "Белавія", - адзначыў ён.
Ад Нацыянальнага аэрапорта Мінск Усеваладу Бяляеву ўручылі сертыфікат на гадавое абслугоўванне ў ВІП-зале, ААТ "Авіякампанія "Белавія"- сертыфікат на білет у бізнес-класе па любым рэгулярным маршруце.
РУП "Нацыянальны аэрапорт Мінск" - першы міжнародны аэрапорт Беларусі, сертыфікаваны ў адпаведнасці з міжнародным стандартам ISO 9001 комплексна па ўсіх напрамках дзейнасці. Палёты са сталічнага аэрапорта выконваюцца больш як па 40 міжнародных напрамках Еўропы, Блізкага Усходу і іншых рэгіёнаў.-0-