Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 лютага 2018, 19:55

У Мінску ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ тэмы развіцця УС

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску ўзнагародзілі пераможцаў штогадовага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Беларусі, а таксама патрыятычнага выхавання насельніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сярод пераможцаў творчага конкурсу супрацоўнікі БЕЛТА. Калектыў агенцтва атрымаў дыплом першай ступені ў намінацыі "Цеснае і плённае супрацоўніцтва". Таксама першая прэмія ў намінацыі "У рэжыме рэальнага часу" была ўручана карэспандэнту Святлане Пекар. Фатограф агенцтва Раміль Насібулін атрымаў перамогу ў намінацыі "Спыніся, імгненне". Дыплома другой ступені і другой прэміі быў удастоены калектыў рэдакцыі візуальнай інфармацыі БЕЛТА за цыкл фотарэпартажаў, якія ілюструюць жыццё і дзейнасць органаў ваеннага кіраўніцтва, злучэнняў і воінскіх часцей УС, ваенных навучальных устаноў і арганізацый Міністэрства абароны.

У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва УС - начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны генерал-маёр Аляксандр Гура.

Андрэй Раўкоў адзначыў сімвалічнасць падвядзення вынікаў напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і 100-годдзя Узброеных Сіл Беларусі. "Гэта свята сімвалізуе ўсенародны характар абароны Радзімы, у аснове якога ляжыць патрыятызм беларускага народа. Менавіта таму ў тэматыцы нашага конкурсу прысутнічаюць два ўзаемазвязаныя канцэптуальныя паняцці - ваеннае будаўніцтва і патрыятычнае выхаванне. Гэта два непарыўна звязаныя напрамкі дзяржпалітыкі, паспяховая рэалізацыя якіх з'яўляецца гарантам стабільнасці, міру і стваральнай працы на беларускай зямлі", - сказаў ён.

Кіраўнік ваеннага ведамства асобна падкрэсліў высокую эфектыўнасць супрацоўніцтва Узброеных Сіл і СМІ. "Прыкладам таго служыць асвятленне сумеснага стратэгічнага вучэння "Захад-2017", якое мы праводзілі ў верасні мінулага года. Пасля яго завяршэння кіраўнік дзяржавы даў высокую ацэнку рабоце сродкаў масавай інфармацыі. У тым ліку аб гэтым ён гаварыў і на сённяшнім пасяджэнні Савета бяспекі. Акрамя таго, там быў абазначаны шэраг праблем і недахопаў, якія ў нас з вамі яшчэ ёсць", - праінфармаваў Андрэй Раўкоў.

У сярэднім штогод пытанням будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл прысвячаецца больш як 3 тыс. публікацый у друкаваных СМІ, каля 150 гадзін тэле- і 80 гадзін радыёэфіру. Важнасць гэтай работы адзначыў міністр інфармацыі. "Тыя старонкі газет, якія прысвечаны розным аспектам жыццядзейнасці Узброеных Сіл, чытаюць ва ўсёй краіне. Тыя радыётэлевізійныя праграмы, якія маюць добрыя шматгадовыя традыцыі, з якіх чытач, глядач і радыёслухач даведваюцца пра сённяшнія падзеі, пра тыя подзвігі, якія здзяйсняюць сёння салдаты, безумоўна, прыцягваюць народ нашай краіны", - канстатаваў Аляксандр Карлюкевіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі