Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 мая 2018, 14:09

У Мінску падвялі вынікі конкурсу прафмайстэрства WorldSkills Belarus 2018

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу прфесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2018, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння ў прафесійнай адукацыі Беларусі ствараецца сітуацыя поспеху, яна набывае новы фармат, у моладзі з'яўляецца магчымасць развіваць траекторыю сваёй кар'еры праз асваенне сучасных кампетэнцый. Мерапрыемства аб'яднала намаганні прамыслоўцаў і адукацыі, каласальную падтрымку конкурсу аказалі практычна ўсе галіновыя міністэрствы, падпарадкаваныя арганізацыі і прадпрыемствы. Гэта сведчыць аб тым, што WorldSkills - гэта не проста гульні, а платформа для ўзаемадзеяння", - адзначыў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі ў час урачыстай цырымоніі закрыцця конкурсу прафмайстэрства.

Пераможцы былі вызначаны ў кожнай з 37 прафесійных кампетэнцый. Сярод залатых прызёраў WorldSkills Belarus 2018 пераможца ў намінацыі "Вэб-дызайн і распрацоўка" студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Аляксей Крупскі. Лепшай у кампетэнцыі "Рэстаранны сэрвіс" прызнана студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Дар'я Ерафеенка. У намінацыі "Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын" першым стаў навучэнец Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Павел Хмяльніцкі.

Сярод сярэбраных прызёраў конкурсу студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, БНТУ, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, навучэнцы Наваполацкага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі, Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа, а таксама працоўная моладзь.

Акрамя таго, пераможцы былі вызначаны ў падгрупе JuniorSkills. Сярод юніёраў, якія заваявалі залаты медаль руху WorldSkills, пераможцы ў намінацыі "Мабільная робататэхніка" (узрост 10-13 гадоў) навучэнцы сталічнай гімназіі нумар 10 Мацвей Старавойтаў і Аляксандр Васілеўскі. У намінацыі "Графічны дызайн" (14-17 гадоў) залаты медаль заваяваў гімназіст з Віцебска Максім Цароў.

Пераможцаў таксама выбралі ў руху DeafSkills, які аб'ядноўвае зацікаўленых у павышэнні якасці жыцця, эканамічнага і прафесійнага развіцця глухіх у свеце. Золата ў намінацыі "Вэб-дызайн і распрацоўка" цяпер у навучэнца Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі Антона Каратышэўскага, у намінацыі "Тэхналогія моды" - у вучаніцы Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання Алены Коўшык.

Цырымонія закрыцця рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2018 прайшла ў спартыўным комплексе "Веладром" МКСК "Мінск-Арэна". Прадстаўнікі профільных міністэрстваў, падпарадкаваных арганізацый і прадпрыемстваў уручылі медалі пераможцам у намінацыях конкурсу, а таксама памятныя прызы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі