Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 ліпеня 2017, 10:51

У Мінбудархітэктуры пакрокава растлумачылі, як будзе працаваць сістэма адрасных жыллёвых субсідый

24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Права на атрыманне адрасных субсідый на будаўніцтва жылля будуць мець пераважна шматдзетныя і маладыя сем'і, а таксама дзеці-сіроты. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль у інтэрв'ю праграме "Контуры" ў эфіры тэлеканала АНТ, паведамляе БЕЛТА.

Грамадзян у парадку чаргі будуць запрашаць у выканкам, дзе павінны растлумачыць умовы дзяржпадтрымкі па ўказе нумар 240, праінфармаваць, у якім доме можна пабудавацца. "Пералік дамоў цяпер фарміруецца. Гэта работа заканчваецца", - падкрэсліў Аляксандр Горваль.

З улікам складу сям'і, жылой плошчы, якая ёсць ва ўласнасці, будуць вызначаць максімальны памер крэдыту, які можа быць выдзелены маючаму патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама памер адраснай субсідыі. "Калі грамадзянін, падаўшы заяву, дае згоду на ўдзел у гэтай сістэме, выканкам прымае рашэнне аб субсідзіраванні гэтай сям'і", - растлумачыў прадстаўнік міністэрства.

З гэтым рашэннем чалавек ідзе ў банк для далейшага афармлення дакументаў. Пакуль у сістэме адрасных жыллёвых субсідый будуць працаваць Беларусбанк і Белаграпрамбанк. З часам, як чакаецца, да іх падключацца і камерцыйныя банкі. "Калі такі крэдытны дагавор заключаны, ён паступае назад у выканкам і з наступнага месяца пасля заключэння дагавора грамадзяніну праводзіцца налічэнне субсідыі, - удакладніў Аляксандр Горваль. - Яна ідзе ў безнаяўным разліку на рахунак грамадзяніна ў адпаведным банку і гасіць або частку працэнтаў, або асноўнага доўгу, у залежнасці ад катэгорыі грамадзян".

Пагашэнне асноўнага доўгу субсідзіруецца шматдзетным сем'ям, калі чацвёра дзяцей і больш, у памеры 100 працэнтаў, калі трое дзяцей непаўналетніх, або якія да 23-х пражываюць сумесна (праходзяць вучобу ў навучальных установах) - 95 працэнтаў, дзецям-сіротам - 35 працэнтаў, маладым сем'ям пры нараджэнні першага і другога дзіцяці, адпаведна 10 працэнтаў і 20 працэнтаў ад асноўнага доўгу.

Усяго на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў амаль 700 тыс. сем'яў, амаль трэць з іх могуць разлічваць на дзяржпадтрымку. Сярод іх 30,5 тыс. - шматдзетныя сем'і, 29 тыс. - дзеці-сіроты. Маладых сем'яў на ўліку больш як 300 тыс. "Гэта галоўныя групы насельніцтва, на якіх будзе сканцэнтравана ўсё для вырашэння жыллёвай праблемы", - адзначыў Аляксандр Горваль.

Ён таксама дадаў, што будкомплекс настроены аптымістычна працаваць ва ўмовах зніжэння стаўкі рэфінансавання і змяншэння ставак па крэдытах. "У цэлым будаўнічы комплекс па сваіх магутнасцях гатовы будаваць значна больш, чым у цяперашніх умовах", - рэзюмаваў прадстаўнік Мінбудархітэктуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі