Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
31 студзеня 2017, 18:50

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі адкрыта ваенная кафедра

31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі адбылося ўрачыстае адкрыццё ваеннай кафедры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў растлумачыў, што адкрыццё ваеннай кафедры - знакавая для акадэміі падзея. "За апошнія два гады тут адбылася сур'ёзная трансфармацыя - каледж сувязі стаў акадэміяй, была адкрыта магістратура, а сёння з'явілася ваенная кафедра. Маладыя людзі, якія будуць вучыцца на кафедры, будуць рыхтавацца па тых спецыяльнасцях, якія патрэбны як у мірны час, так і ў ваенны. Гэта зусім іншы статус іх як грамадзян Беларусі", - адзначыў ён.

Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў, выступаючы перад студэнтамі, падкрэсліў, што кожная спецыяльнасць ва Узброеных Сілах запатрабаваная, але адной з самых шаноўных і складаных з'яўляецца спецыяльнасць сувязіста. "Падрыхтаваць такога спецыяліста - вельмі складаная задача, таму адкрыццё ваеннай кафедры ў акадэміі сувязі - такая значная падзея", - канстатаваў ён.

На кафедры будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка малодшых камандзіраў па запатрабаваных ваенна-ўліковых спецыяльнасцях: "Начальнік апаратнай" (аўтаматычныя тэлефонныя станцыі), "Начальнік апаратнай" (апараты далёкай сувязі), "Начальнік радыёрэлейнай станцыі" (шматканальнай), "Начальнік радыёрэлейнай станцыі" (малаканальнай). Заказ Міністэрства абароны на падрыхтоўку малодшых камандзіраў на 2017/2018 навучальны год складае 125 чалавек.

Паступіць і вучыцца на ваеннай кафедры могуць юнакі (навучэнцы спецыяльнасцей "Сеткі тэлекамунікацый", "Сістэмы радыёсувязі, радыёвяшчання і тэлебачання" і студэнты спецыяльнасцей "Інфакамунікацыйныя сістэмы", "Інфакамунікацыйныя тэхналогіі", "Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве", "Маркетынг", "Паштовая сувязь"). Тэрмін навучання складае 1,5 года. Праграма падрыхтоўкі малодшых камандзіраў разлічана на 240 вучэбных гадзін, размеркаваных на тры семестры (76, 82 і 82 гадзіны).

У першым семестры вывучаюцца дысцыпліны тактычнай і агульнаваеннай падрыхтоўкі, у другім і трэцім - падрыхтоўка непасрэдна па ваенна-ўліковых спецыяльнасцях. Заняткі праводзяцца ў спецыялізаваных аўдыторыях ваеннай кафедры і на базе воінскіх часцей сувязі. Абсталяванне кожнай аўдыторыі дае магчымасць арганізаваць работу самастойнага вузла сувязі. Аўдыторыі звязаны паміж сабой і забяспечваюць абмен інфармацыяй паміж абанентамі АТС па лічбавых сродках радыёрэлейнай і правадной сувязі. Як растлумачыў начальнік сувязі УС - начальнік упраўлення сувязі Генштаба генерал-маёр Генадзь Казакоў, унікальнасць вучэбных класаў кафедры ў тым, што яны зманціраваны такім чынам, што ўяўляюць сабой баявы пост стацыянарнага вузла сувязі. "Гэты вучэбны вузел сувязі атрымаў пазыўны "Эрудыт", ён уключаны ў адзіную сістэму сувязі Узброеных Сіл, тут студэнты могуць адпрацоўваць вучэбна-баявыя задачы", - адзначыў ён.

Начальнік сувязі Узброеных Сіл расказаў, што ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі і раней рыхтавалі спецыялістаў для Мінабароны. "Але такія спецыялісты былі гатовы па грамадзянскіх спецыяльнасцях, і для таго каб інтэграваць навучанне па грамадзянскіх і ваенных спецыяльнасцях, мы і стварылі ваенную кафедру. Спецыялістаў будуць рыхтаваць выкладчыкі-ваенныя, начальнік кафедры - палкоўнік Ігар Мачыха, з ім будуць працаваць яшчэ чатыры выкладчыкі. Мы можам падрыхтаваць спецыялістаў і для Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, унутраных войскаў, для іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў", - расказаў ён.

Генадзь Казакоў растлумачыў, што пасля заканчэння навучання студэнты здаюць экзамены і атрымліваюць дыплом, потым прыходзяць у воінскую часць, праходзяць атэстацыйную камісію, здаюць унутраны экзамен - і ў выпадку паспяховай здачы атрымліваюць воінскае званне прапаршчыка.

З 1 верасня 2018 года на ваеннай кафедры плануецца адкрыць падрыхтоўку афіцэраў запасу па спецыяльнасці "Прымяненне змешаных падраздзяленняў, воінскіх часцей і злучэнняў сувязі" (акрамя падраздзяленняў і воінскіх часцей сувязі і радыётэхнічнага забеспячэння авіяцыі).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі