Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 верасня 2018, 13:44

У Беларусі з'явілася новая вакцына ад грыпу

26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі зарэгістравана чатырохвалентная вакцына ад грыпу, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

Вакцыны змяшчаюць толькі тыя штамы вірусаў грыпу, з якімі з найбольшай верагоднасцю сутыкнецца насельніцтва ў маючым адбыцца эпідсезоне. Вытворцы заўсёды ўключаюць тры актуальныя штамы: два варыянты віруса грыпу А і адзін - В.

У бягучым годзе ў Беларусі ўпершыню зарэгістравана чатырохвалентная вакцына "Ваксігрып Тэтра" (Францыя), якая дадаткова змяшчае яшчэ адзін штам віруса тыпу В. Адпаведна такая вакцына забяспечвае абарону ад большай колькасці варыянтаў віруса. На гэты час яна даступна ў платных цэнтрах.

За кошт бюджэту ў бягучым сезоне будуць рабіць прышчэпкі вакцынай "Грыпол плюс" (Расія). На платнай аснове будуць даступны "Інфлювак" (Нідэрланды) і "Ваксігрып" (Францыя). Гэта высокаэфектыўныя і бяспечныя імунабіялагічныя лекавыя сродкі, якія змяшчаюць актуальныя штамы віруса. Масавая вакцынацыя пачнецца з 1 кастрычніка. У Беларусі плануецца зрабіць прышчэпкі супраць грыпу не менш як 40 працэнтам насельніцтва краіны, у тым ліку да 75 працэнтаў з груп рызыкі.

У 2017 годзе ў краіне супраць грыпу было вакцынавана 40,5 працэнта насельніцтва. З лістапада 2017 года па сакавік 2018-га дзякуючы праведзенай вакцынацыі ўдалося папярэдзіць больш за 135 тыс. выпадкаў грыпу (у тым ліку больш за 16,2 тыс. выпадкаў ускладненых форм), больш за 182 тыс. выпадкаў вострых рэспіраторных інфекцый негрыпознай этыялогіі. Прадухілены эканамічны ўрон ацэньваецца ў памеры, эквівалентным $76,8 млн, на кожны ўкладзены долар у вакцынацыю быў атрыманы эфект у эквіваленце $15,8.

Што датычыцца захваральнасці, паводле слоў Іны Карабан, сітуацыя адпавядае гэтаму перыяду года. "Пахаладнела, таму ў людзей з'явіліся прыкметы вострай рэспіраторнай інфекцыі, але росту захваральнасці на ВРІ і грып няма", - сказала намеснік начальніка аддзела.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі