Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 кастрычніка 2018, 09:58

У Беларусі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з нацпрадстаўніцтвамі агенцтваў ААН

8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з нацыянальнымі прадстаўніцтвамі агенцтваў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Аб гэтым у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" расказаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, паведамляе БЕЛТА.

Кіраўнік беларускага МЗС адзначыў правільнасць прапаноў аб удасканаленні сістэмы ААН, якія агучыў генеральны сакратар Антоніу Гутэрыш. "Яны абсалютна правільныя і накіраваны на тое, каб павысіць, скажам так, аператыўнасць рэагавання ААН на новыя выклікі і пагрозы, каб павысіць аператыўнасць адэкватнай рэакцыі на іх. І вельмі вялікая ўвага ўдзяляецца ўдасканаленню дзейнасці каманд ААН на месцах. У нас у Беларусі, дапусцім, дзейнічае 18 агенцтваў сістэмы ААН - гэта салідная каманда. Вельмі важна, каб яны дзейнічалі разам з урадам Беларусі ў адзіным духу, у адным напрамку, вельмі аператыўна рэагавалі на змяненні нейкай сітуацыі, калі гэта спатрэбіцца", - сказаў Уладзімір Макей.

Ён дадаў, што цяпер вельмі востра паўстае пытанне барацьбы са злачыннасцю ў кіберпрасторы і барацьбы з тэрарызмам. "Таму, калі мы прапанавалі АБСЕ правесці канферэнцыю ў Мінску, звязаную з барацьбой супраць тэрарызму ў кіберпрасторы, нашы партнёры ПА АБСЕ адразу ж адгукнуліся. І я ўдзячны кіраўніцтву ААН, што яно таксама вельмі пазітыўна ўспрыняло гэту ідэю", - падкрэсліў міністр.

"Я думаю, што тыя ідэі, з якімі мы прыехалі на 73-ю Генасамблею ААН і тыя ідэі, якія мы пастараліся данесці да нашых субяседнікаў, знойдуць сваю аддачу і прынясуць карысць Беларусі, - сказаў Уладзімір Макей. - Таму мы гаварылі і ў час выступлення, і на розных сустрэчах у ААН аб неабходнасці новага, шырокага, шматфарматнага міжнароднага дыялогу, які садзейнічаў бы зніжэнню ўзроўню напружанасці, што існуе сёння і ў нашым рэгіёне, і ў свеце ў цэлым. Гэта тая ініцыятыва, з якой выступіў некаторы час таму Прэзідэнт Беларусі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі