Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

У Беларусі з пачатку года атруціліся грыбамі 96 чалавек

Грамадства 20.09.2017 | 17:01

20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з пачатку года атруціліся грыбамі 96 чалавек, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца аддзялення гігіены харчавання Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вія Шукевіч.

Па стане на 20 верасня ў рэспубліцы зарэгістраваны 83 выпадкі атручэння грыбамі, сярод якіх адзін са смяротным канцом. Больш за ўсё такіх выпадкаў у Мінску (37) і Магілёўскай вобласці (14). У Гродзенскай вобласці зарэгістравана 5 выпадкаў, Брэсцкай - 5, Гомельскай - 9, Віцебскай - 7, Мінскай - 6. Усяго пацярпелі 96 чалавек.

Паводле слоў Віі Шукевіч, па сваёй цяжкасці вострыя атручэнні ядавітымі грыбамі займаюць вядучае месца сярод усіх небактэрыяльных харчовых атручэнняў. Моцнадзейныя яды не разбураюцца пры кулінарнай апрацоўцы.

Атручэнні грыбамі маюць характэрныя прыкметы. Захворванне пачынаецца праз 3-12 гадзін пасля ўжывання іх у ежу. На пачатковых стадыях узнікае рэзкі боль у жываце, нястрымная рвота, панос, слабасць, галаўны боль. У далейшым могуць далучацца сутаргі, галюцынацыі.

Прычынай атручэння могуць стаць не толькі ядавітыя па сваёй прыродзе, але і так званыя ўмоўна-ядомыя грыбы, калі не звяртаць увагі на асноўныя правілы іх гатавання. Да такіх адносяцца некаторыя віды сыраежак, свінухі, ваўнянкі, чарнушкі і інш. Вострае атручэнне можа настаць і ад ужывання ядомых грыбоў, калі яны доўга знаходзіліся без кулінарнай апрацоўкі. Не рэдкасць - атручэнні недаваранымі і сырымі грыбамі.

Каб пазбегнуць захворвання, неабходна выконваць элементарныя правілы прафілактыкі. Збіраць трэба толькі вядомыя грыбы (існуюць спецыяльныя даведнікі). Калі няма ўпэўненасці, што грыб ядомы, лепш яго зусім не браць. Падазроныя грыбы недапушчальна спрабаваць на смак.

Паводле слоў загадчыцы аддзялення, грыбы маюць здольнасць паглынаць з навакольнага асяроддзя і накопліваць таксічныя рэчывы ў канцэнтрацыях, якія ў некалькі разоў перавышаюць іх колькасць у глебе, вадзе, раслінах. Таму ўсе грыбы неабходна адварваць, а адвар зліваць. Па гэтай прычыне нельга збіраць грыбы ўздоўж аўтатрас, побач з прамысловымі прадпрыемствамі, у межах горада.

Пасля збору дары лесу трэба як мага хутчэй адсартаваць і апрацаваць. Гэтым павінны займацца толькі дарослыя. Трэба памятаць, што нават ядомы грыб, калі ён пераспеў, пачаў падгніваць на пні або доўга ляжаў без апрацоўкі, можа стаць ядавітым. Саліць, сушыць, марынаваць кожны від грыбоў трэба паасобку. А перад адварваннем добра мыць ад пяску і глебы. Нельга не звяртаць увагі на правілы гатавання ўмоўна-ядомых грыбоў: іх неабходна адварваць мінімум двойчы, кожны раз не менш за 50 хвілін. Абодва разы пасля варкі прамываць праточнай вадой.

Не трэба збіраць і купляць на рынку перарослыя, вялыя, пашкоджаныя лічынкамі і цвіллю грыбы. Непажадана купляць на рынку і з рук грыбныя кансервы, герметычна закрытыя накрыўкамі ў дамашніх умовах, а таксама сухія грыбы, грыбную ікру і розныя салаты, прыгатаваныя з дабаўленнем гэтых дароў лесу. Пласціністыя грыбы неабходна купляць толькі з ножкамі. Такім чынам можна ідэнтыфікаваць белую паганку, якая мае клубнепадобнае патаўшчэнне ножкі "каўнерык".

Бацькам трэба памятаць, што грыбы павінны быць выключаны з рацыёну дзяцей. Нельга ўжываць іх у ежу людзям з хваробамі печані і абмену рэчываў, асобам састарэлага ўзросту. Пры з'яўленні першых сімптомаў атручэння трэба неадкладна звяртацца па медыцынскую дапамогу.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Грамадства
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Дынаміка валютнага рынку Абарот валютнага рынку Беларусі ў студзені-верасні 2017 года: усяго - $45 млрд 996,1 млн, на пазабіржавым валютным рынку - $30 млрд 206,2 млн, на БВФБ - $6 млрд 898,0 млн, на наяўным валютным рынку - $8 млрд 891,9 млн.