Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 ліпеня 2017, 13:56

У Беларусі з новага навучальнага года вывучэнне кітайскай мовы будзе расшырана - Карпенка

27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 2017/2018 навучальнага года вывучэнне кітайскай мовы будзе расшырана, заявіў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка сёння на сустрэчы з прэзідэнтам Хефейскага тэхналагічнага ўніверсітэта (КНР) Лянь Лянем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З наступнага навучальнага года будзе расшырана вывучэнне кітайскай мовы ў Беларусі, і працэс будзе прадаўжацца. Гэта абумоўлена рэалізацыяй маштабных сацыяльна-эканамічных і інвестыцыйных праектаў, сярод якіх асабліва вылучаецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень", - сказаў Ігар Карпенка. Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі прадстаўлены ўжо такія вядомыя кампаніі, як Huawei, ZTE, будаўнічыя карпарацыі. "Усё гэта сведчыць аб важнасці вывучэння кітайскай мовы грамадзянамі нашай краіны для таго, каб рэалізоўваць пагадненні, заключаныя на высокім узроўні", - адзначыў міністр.

Ігар Карпенка пацвердзіў зацікаўленасць у рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у час гэтага візіту кітайскай дэлегацыі, і запэўніў у падтрымцы з боку Мінадукацыі. У сваю чаргу прэзідэнт Хефейскага тэхналагічнага ўніверсітэта расказаў аб значнай увазе да развіцця эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Беларусь жа з'яўляецца адным з важнейшых партнёраў Кітая ў рэалізацыі гэтага новага транскантынентальнага інтэграцыйнага праекта.

Кітайская дэлегацыя наведала ўстановы адукацыі ў Мінску, у тым ліку Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Бакі абмяркоўвалі розныя варыянты паглыблення супрацоўніцтва. Так, напрыклад, тры спецыяльнасці ў Хефейскім тэхналагічным універсітэце падобныя на спецыяльнасці ў БДТУ. Дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб стварэнні сумесных навучальных праграм. У прыватнасці, прапануецца арганізаваць навучанне на такіх спецыяльнасцях па сістэме 2+2, калі па два гады студэнты будуць навучацца ў Беларусі і ў Кітаі. У выніку было падпісана пагадненне аб акадэмічным і навуковым супрацоўніцтве паміж БДТУ і Хефейскім тэхналагагічным універсітэтам. Подпісы пад дакументам паставілі кіраўнікі дзвюх ВНУ Ігар Войтаў і Лянь Лянь. Яшчэ адна важная дамоўленасць - стварэнне культурна-адукацыйнага цэнтра ў БДУКМ, якому беларуская ВНУ гатова аказаць навукова-метадычную і кадравую падтрымку. У цэнтры плануецца рэалізаваць праграмы дадатковай адукацыі.

Прадстаўнікі кітайскай дэлегацыі далі высокую ацэнку навуковым дасягненням вучоных беларускіх ВНУ. Яны пацвердзілі таксама зацікаўленасць у прыцягненні спецыялістаў для выкладання рускай мовы ў Кітаі.

Абодва бакі на сустрэчы адзначылі дынамічнае развіццё адносін Беларусі і Кітая. Сістэмы адукацыі падтрымліваюць гэту дынаміку. Беларусь з візітам наведваў міністр адукацыі КНР. Прайшоў форум рэктараў вышэйшых навучальных устаноў дзвюх краін, дзе быў падпісаны шэраг пагадненняў. Акрамя таго, дзейнічае міжурадавае пагадненне, што вызначае парадак прызнання дакументаў аб адукацыі. Міністэрствы адукацыі дзвюх краін рэалізуюць пагадненні па распаўсюджванні кітайскай мовы ў Беларусі і супрацоўніцтве ў галіне выкладання кітайскай мовы. Таксама падпісаны дакументы ў галіне прафесійнай стажыроўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў. Бакі канстатавалі, што існуючая нарматыўна-прававая база дае магчымасць установам адукацыі Беларусі і Кітая эфектыўна ўзаемадзейнічаць, падпісваць дагаворы, канкрэтызаваць змест адукацыйнай дзейнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі