Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 жніўня 2018, 09:04

У Беларусі з 1 жніўня павялічваюцца пенсіі, дапамогі і іншыя сацыяльныя выплаты

1 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З 1 жніўня ў Беларусі павышаюцца пенсіі, а таксама павялічваюцца памеры розных відаў дапамог і сацыяльных выплат і даплат - па прэзідэнцкім указе, у сувязі з ростам БПМ і сярэднямесячнай зарплаты, паведамляе БЕЛТА.

Новыя памеры БПМ і МСБ

З 1 жніўня па 31 кастрычніка ў разліку на месяц бюджэт пражытачнага мінімуму ўстаноўлены ў памеры Br213,67. Для працаздольнага насельніцтва БПМ складае Br236,98, пенсіянераў - Br162,58, студэнтаў - Br206,89, дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br135,93, дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br188,95, дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў - Br231,32.

Таксама ў Беларусі ўстаноўлены новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп у сярэднім на душу насельніцтва і на аднаго члена сям'і рознага складу. Яны будуць дзейнічаць па 31 кастрычніка 2018 года. Так, мінімальны спажывецкі бюджэт для працаздольнага насельніцтва складзе Br445,83, пенсіянераў - Br349,22, студэнтаў - Br328,10, дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br279,56, дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br367,48, дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў - Br377,43, на аднаго члена сям'і з чатырох чалавек - Br346,95, маладой сям'і з трох чалавек - Br377,31.

Пенсіі

У адпаведнасці з указам нумар 278 "Аб павышэнні пенсій", з 1 жніўня ўстанаўліваюцца наступныя памеры пенсій: сярэдні памер пенсіі - Br364,2 (рост на Br33,02); сярэдні памер пенсіі па ўзросце - Br374,33 (на Br33,8). Папярэдні пераразлік працоўных пенсій праводзіўся ў маі 2018 года.

У сувязі з ростам БПМ будуць пераразлічаны: мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі; надбаўкі да пенсій; павышэнні асобным катэгорыям пенсіянераў; даплаты атрымальнікам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым, якія абслугоўваюцца ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне.

Мінімальны памер пенсіі па ўзросце ў жніўні-кастрычніку складзе Br207,43 (з улікам даплаты).

Сацыяльныя пенсіі розным катэгорыям людзей з інваліднасцю вар'іруюцца ад Br160,25 да Br235,04. А атрымальнікам сацыяльных пенсій сярод мужчын ва ўзросце старэйшым за 65 гадоў, жанчын - старэйшым за 60 гадоў будуць выплачваць Br106,84.

Надбаўкі да пенсій вырастуць да Br26,71 і Br53,42 (для розных катэгорый), даплаты непрацуючым пенсіянерам старэйшым за 75 гадоў складуць Br40,07, старэйшым за 80 гадоў - Br53,42. Павышэнні пенсій розным катэгорыям складуць ад Br21,37 (донарам, узнагароджаным нагрудным знакам "Ганаровы донар Рэспублiкi Беларусь", знакам пашаны "Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь", знакамі "Ганаровы донар СССР", "Ганаровы донар Таварыства Чырвонага Крыжа БССР", па дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту) да Br267,1 (Героям Беларусі, Героям Савецкага Саюза, Героям Сацыялістычнай Працы, асобам, узнагароджаным ордэнамі Айчыны трох ступеней, ордэнамі Славы трох ступеней, ордэнамі Працоўнай Славы трох ступеней).

Дзіцячыя дапамогі

У сувязі з павелічэннем сярэднямесячнай зарплаты вырастуць дапамогі, што выплачваюць бацькам, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. На першае дзіця памер дапамогі складзе Br329,04 (рост на Br17,01); на другое і наступных дзяцей - Br376,04 (на Br19,44); на дзіця-інваліда - Br423,05 (на Br21,87). Новы памер дапамог будзе дзейнічаць да 1 лютага 2019 года.

Рост БПМ у сярэднім на душу насельніцтва вядзе да павелічэння памеру дапамог на дзяцей: пры нараджэнні дзіцяці (першага дзіцяці - 10 БПМ, другога і наступных дзяцей - 14 БПМ); па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (1 БПМ); на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (0,5 БПМ), на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў (0,5 БПМ, 0,7 БПМ), на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека (0,7 БПМ). Акрамя таго, больш стане памер дапамогі па доглядзе інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, і іншыя сацыяльныя выплаты, якія вылічаюцца з памеру БПМ.

Акрамя таго, змяненне памеру БПМ паўплывала на разлік сродкаў, якія падлягаюць пералічэнню па-за чаргой плацяжоў на пагашэнне запазычанасці па заработнай плаце. Цяпер наймальнікі павінны браніраваць у разліку на аднаго работніка Br355,47.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі