Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 кастрычніка 2017, 19:46

У Беларусі вывучаюць магчымасць унясення паправак у заканадаўства аб чэках "Жыллё"

5 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі вывучаецца магчымасць унясення паправак у заканадаўства аб імянных прыватызацыйных чэках "Жыллё". Аб гэтым паведаміў 5 кастрычніка ў час асабістага прыёму грамадзян памочнік Прэзідэнта - інспектар па Брэсцкай вобласці Васіль Герасімаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На прыём да памочніка Прэзідэнта звярнулася 78-гадовая жыхарка Брэста. Пенсіянерка з'яўляецца ўладальніцай 440 чэкаў "Жыллё", якія яна хацела б укласці ў капітальны рамонт дома. Улічваючы, што на сёння адзін чэк эквівалентны Br14, агульная вартасць яе каштоўных папер складае Br6,16 тыс. "Мне гэтага якраз хапіла б, каб замяніць адно акно, двое дзвярэй, сантэхніку і пакласці плітку", - расказала пенсіянерка.

Згодна з дзеючым заканадаўствам, праіндэксаваць чэкі "Жыллё" магчыма грамадзянам, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і пад рэканструкцыю жылога дома. Як правіла, гэта прадугледжвае змяненне агульнай плошчы дома - будаўніцтва прыбудовы, надбудовы, павелічэнне прасторы. Жанчына на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў не стаіць і прыбудоўваць да дома нічога не плануе. "Атрымліваецца, што людзі прыватызавалі кватэры за кошт такіх жа чэкаў, як у мяне, не ўкладваючы ні капейкі. А мне трэба ўкладваць са сваіх грошай, з пенсіі", - разважае яна.

Як паказвае практыка, падобныя праблемы існуюць і ў іншых трымальнікаў чэкаў. "Міністэрства жыллёвай гаспадаркі працуе над гэтым пытаннем. Трэба ведаць сітуацыю па ўсёй рэспубліцы, каб унесці канкрэтныя папраўкі ў заканадаўства", - паведаміў заяўніцы Васіль Герасімаў.

У прыватнасці, Мінжылкамгас лічыць мэтазгодным пашырыць магчымасць выкарыстання прыватызацыйных чэкаў "Жыллё". Так, прапануецца выкарыстоўваць чэкі на мэты будаўніцтва (рэканструкцыі) або набыцця жылых памяшканняў усімі грамадзянамі, незалежна ад пастаноўкі іх на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэта паставіла б у роўныя ўмовы ўсіх уладальнікаў чэкаў.

Імгненна гэта пытанне вырашыцца не можа, паколькі індэксацыя прадугледжвае павелічэнне фінансавання - чэкі "Жыллё" маюць грашовы эквівалент. Цяпер Міністэрствам праводзяцца падрыхтоўчыя мерапрыемствы і адшукваюцца сродкі.

Па стане не 1 ліпеня бягучага года ў рэспубліцы было адкрыта 114 455 дзеючых спецыяльных чэкавых рахункаў "Жыллё". Сума грашовых сродаў, якія знаходзяцца на іх, у намінальным вылічэнні складала звыш Br56,2 млн.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі