Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 сакавіка 2017, 17:22

У Беларусі выбудавана дакладная сістэма рэагавання на факты сямейнага недабрабыту - Мельчанка

27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі выбудавана дакладная сістэма рэагавання на факты сямейнага недабрабыту. Аб гэтым заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка на міжнародным семінары "Стамбульская канвенцыя як інструмент для распрацоўкі комплексу мер па прадухіленні насілля ў адносінах да жанчын на нацыянальным узроўні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Забеспячэнне бяспекі сям'і з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, - сказаў намеснік міністра. - За апошнія гады ў Беларусі выбудавана дакладная сістэма рэагавання на факты сямейнага недабрабыту, проціпраўных дзеянняў у адносінах да членаў сям'і, аказання падтрымкі людзям, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі. Гэта работа дае вынікі: з 2014 года ў краіне адзначаецца зніжэнне колькасці загінулых ад рук блізкіх у выніку сямейных канфліктаў".

Мікалай Мельчанка адзначыў, што ўдасканаленне нацыянальнага заканадаўства дало магчымасць прымяняць новыя эфектыўныя падыходы, накіраваныя на павышэнне рэзультатыўнасці і якасці папераджальнай работы. Гэта работа атрымала дадатковы імпульс дзякуючы падтрымцы міжнародных партнёраў, дадаў намеснік міністра ўнутраных спраў.

Разам з тым, прызнаў ён, у айчынным заканадаўстве існуе шэраг неўрэгуляваных праблем. "У нас назбіралася шмат канструктыўных прапаноў, ідэй па комплексным рэагаванні ўсіх дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў на факты насілля ў сям'і, далейшым развіцці аказання дапамогі ахвярам сямейных агрэсараў, а таксама прэвентыўных мер уздзеяння да правапарушальнікаў, - лічыць Мікалай Мельчанка. - Гэту работу трэба прадаўжаць шляхам карэкціроўкі нацыянальнага заканадаўства, імплементацыі высокіх стандартаў Стамбульскай канферэнцыі, якія лічацца эталонам у гэтай рабоце".

Паводле яго слоў, у Беларусі сфарміравалася ядро прафесіяналаў, якія могуць эфектыўна развіваць заканадаўства і правапрымяняльную дзейнасць.

Начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Ларыса Бельская адзначыла, што насілле ў адносінах да жанчын - сур'ёзная праблема, якая мае глабальны характар, яна актуальная для большасці краін свету. "Сацыяльна-эканамічныя выдаткі, негатыўныя наступствы для здароўя і дабрабыту жанчын і дзяцей задакументаваны міжнароднай супольнасцю. Кожная краіна мае свой вопыт рэалізацыі канкрэтных мер па процідзеянні сямейнаму насіллю, - падкрэсліла яна. - Задача семінара - супаставіць нацыянальную практыку з практыкай еўрапейскіх партнёраў, вызначыць шляхі далейшага руху наперад".

Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства выказала ўпэўненасць у тым, што сённяшняе мерапрыемства дасць штуршок далейшаму супрацоўніцтву нацыянальных і замежных партнёраў.

Арганізатарамі міжнароднага семінара "Стамбульская канвенцыя як інструмент для распрацоўкі комплексу мер па прадухіленні насілля ў адносінах да жанчын на нацыянальным узроўні" з'яўляюцца Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі, Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства замежных спраў. Гэта мерапрыемства праводзіцца па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Умацаванне нацыянальнага патэнцыялу ў сферы процідзеяння гендарнаму насіллю (з акцэнтам на насілле ў сям'і) у Рэспубліцы Беларусь". У мерапрыемстве прымаюць удзел парламентарыі, прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, уключаных у распрацоўку і рэалізацыю нацыянальнай палітыкі па прадухіленні насілля ў адносінах да жанчын і насілля ў сям'і, агенцтваў сістэмы ААН і іншых міжнародных арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў, акадэмічных колаў, дыпламатычнага корпуса, СМІ. Мэта семінара - азнаёміць яго ўдзельнікаў з асноўнымі палажэннямі і задачамі Канвенцыі Савета Еўропы аб прадухіленні і барацьбе з насіллем у адносінах да жанчын і дамашнім насіллем, а таксама вопытам замежных краін, якія далучыліся да гэтага міжнароднага дакумента.

Канвенцыя Савета Еўропы аб прадухіленні і барацьбе з насіллем у адносінах да жанчын і дамашнім насіллем (Стамбульская канвенцыя) уступіла ў сілу 1 жніўня 2014 года. Гэтай канвенцыяй насілле ў адносінах да жанчын прызнаецца парушэннем правоў чалавека і адной з форм дыскрымінацыі. Акрамя таго, яна накіравана на нецярпімасць да насілля, устанаўлівае крымінальную адказнасць за насільныя дзеянні.

Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Умацаванне нацыянальнага патэнцыялу ў сферы процідзеяння гендарнаму насіллю (з акцэнтам на насілле ў сям'і) у Рэспубліцы Беларусь" рэалізуецца сумесна з Фондам ААН у галіне народанасельніцтва і МУС пры фінансавай падтрымцы ўрада Вялікабрытаніі і Шведскага міжнароднага агенцтва па развіцці (СІДА) у 2016-2018 гадах. Мэта праекта - дасягненне ўстойлівасці нарошчвання нацыянальнага патэнцыялу ў сферы процідзеяння гендарнаму насіллю і прафілактыкі яго праяў, асабліва ў адносінах да жанчын.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі