Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 кастрычніка 2016, 19:55

У Беларусі ўпершыню з 1992 года колькасць народжаных перасягнула колькасць памерлых - Мядзведзева

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўпершыню з 1992 года колькасць народжаных перасягнула колькасць памерлых - гэта вялікае дасягненне, паведаміла сёння журналістам старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Упершыню па выніках студзеня-верасня бягучага года адзначаны натуральны прырост насельніцтва, які склаў 518 чалавек. Для параўнання: у студзені-верасні 2015 года назіраліся натуральнае змяншэнне насельніцтва (1762 чалавекі), - адзначыла старшыня Белстата. - За дзевяць месяцаў 2016 года ў рэспубліцы нарадзілася 89 434 дзіцяці, што на 455 дзяцей, або на 0,5 працэнта больш, чым за дзевяць месяцаў 2015 года. Узровень нараджальнасці павялічыўся да 12,6 праміле - гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у Еўропе".

У Беларусі доля дзяцей, народжаных другімі і наступнымі ў сваіх сем'ях, у агульнай колькасці народжаных у рэспубліцы за дзевяць месяцаў 2016 года склала 58,7 працэнта і павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года на 1,5 працэнта. Гэта сведчыць аб эфектыўнасці дзяржаўных мер па стымуляванні нараджальнасці другіх і наступных дзяцей, падкрэсліла Іна Мядзведзева.

Лідарамі з'яўляюцца Мінск і Брэсцкая вобласць. Так, у сталіцы колькасць народжаных перасягнула колькасць памерлых на 4 111 чалавек, у Брэсцкай вобласці - на 1 255 чалавек. А ў Гомельскай вобласці натуральнае змяншэнне склала 9 чалавек (у студзені-верасні мінулага года гэты паказчык перавышаў 400 чалавек). У астатніх рэгіёнах краіны таксама адзначаецца дадатная дынаміка ў скарачэнні натуральнага змяншэння.

Натуральны прырост за дзевяць месяцаў бягучага года зафіксаваны ў 85 са 113 гарадоў і ў 27 з 90 пасёлкаў гарадскога тыпу рэспублікі. Натуральны прырост сельскага насельніцтва адзначаны ў Мінскім, Брэсцкім і Гомельскім раёнах.

Паводле слоў старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць памерлых зменшылася на 1825 чалавек (на 2 працэнты) у параўнанні са студзенем-вераснем мінулага года (у студзені-верасні бягучага года памерла 88 916 чалавек). Зніжэнне колькасці памерлых назіралася ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі і сталіцы. "Прадметам асаблівай увагі з'яўляецца смяротнасць насельніцтва ў працаздольным узросце, - сказала кіраўнік Белстата. - У студзені-верасні 2016 года колькасць памерлых у працаздольным узросце склала 16 159 чалавек і зменшылася на 1055 чалавек у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам, або на 6,1 працэнта". Бясспрэчным дасягненнем айчыннай аховы здароўя з'яўляецца зніжэнне ўзроўню дзіцячай смяротнасці, дадала яна.

Як раней паведамлялася БЕЛТА, колькасць насельніцтва Беларусі на 1 кастрычніка 2016 года склала 9 505,2 тыс. чалавек і ў параўнанні з пачаткам бягучага года павялічылася на 6 799 чалавек, у тым ліку за кошт міграцыйнага прыросту - на 6 281 чалавек і натуральнага прыросту - на 518 чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі