Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 жніўня 2018, 12:07

У Беларусі ўдасканаляць сістэму дзяржзакупак медтэхнікі

6 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўдасканаляць сістэму дзяржаўных закупак медыцынскай тэхнікі, вырабаў медпрызначэння і лекавых сродкаў. Гэта пытанне абмяркоўвалася ў Міністэрстве аховы здароўя, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на ведамасную газету "Медицинский вестник".

Як адзначыў намеснік міністра аховы здароўя Вячаслаў Шыла, Міністэрства аховы здароўя адпрацоўвае пакетным прынцыпам праекты нарматыўных прававых актаў па ўдасканаленні працэдур закупак у медыцынскай сферы. Размова ідзе пра ўзмацненне дэцэнтралізацыі закупак і ўнясенне змяненняў ва ўказ нумар 46. Абласным, гарадскім і раённым выканкамам, арганізацыям аховы здароўя будуць прадастаўлены паўнамоцтвы самастойна праводзіць закупкі пры строгім кантролі за ўсімі этапамі працэдуры. Планаванне затрат на медтэхніку, медыкаменты, вырабы медпрызначэння павінна завяршыцца да 1 верасня, каб арганізацыі аховы здароўя атрымалі фінансаванне пад гэтыя закупкі. На ўзроўні арганізацыі аховы здароўя можна закупляць медтэхніку, вырабы медпрызначэння, запчасткі коштам да 2 тыс БВ (1 БВ - Br24,5). На месцах неабходна прыняць рашэнне: або заняцца гэтым пытаннем самім, або дэлегаваць УП "Белмедтэхніка", РУП "Белфармацыя". Падрыхтоўцы тэхнічнага задання павінна папярэднічаць маркетынгавае даследаванне, каб з улікам яго вынікаў указваць цану ў ТЗ.

Дарагое абсталяванне і запчасткі будуць закупляцца цэнтралізавана, каб знізіць іх кошт.

Што датычыцца рамонту абсталявання, арганізацыі аховы здароўя будуць самастойна кантраляваць спраўнасць тэхнікі. "Прапануецца да 1 верасня з арганізацыямі, што па дагаворы абслугоўваюць тую ці іншую медтэхніку, распрацаваць рэгламенты. У кожнай буйной установе ёсць намеснікі, якія курыруюць медтэхніку, ёсць спецыялісты па медтэхніцы, якія павінны прапісаць рэгламенты, тэрміны дзеяння той ці іншай запчасткі, каб планаваць закупку на наступны год. Ніхто не забараняе сёння праводзіць конкурсы з пастаўкай пад факт паломкі абсталявання. Самае галоўнае - навучыцца планаваць", - адзначыў Вячаслаў Шыла.

Намеснік міністра лічыць неабходным змяніць работу даччыных прадпрыемстваў УП "Белмедтэхніка" па рэгіёнах і палепшыць пераемнасць. Паводле яго слоў, трэба перагледзець пытанні, якія датычацца наяўнасці на складзе ў дастатковай колькасці вырабаў медпрызначэння, неабходных у штодзённай дзейнасці медустаноў (шпрыцы, пальчаткі і інш.). Неабходна аднаўляць магазіны "Медтэхнікі", каб аператыўна дастаўляць тавар у лячэбныя ўстановы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі