Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 жніўня 2017, 14:17

У Беларусі ў выхадныя пацяплее

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі пацяплее ў выхадныя, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.

"Умовы надвор'я на тэрыторыі Беларусі пачаў вызначаць паўднёвы цыклон, які будзе перамяшчацца ўздоўж нашых усходніх межаў і прынёс ужо ва ўсходнія раёны моцныя дажджы. У бліжэйшыя суткі ён прадоўжыць аказваць уплыў на надвор'е ў краіне. Яно чакаецца дажджлівае і ветранае", - расказаў сіноптык.

У чацвер у Мінскай, Магілёўскай і асобных раёнах Гомельскай вобласці прагназуюцца моцныя дажджы. У начны час месцамі па Віцебскай вобласці магчымы ліўні. У Брэсцкай і Гродзенскай абласцях дажджы будуць не такімі інтэнсіўнымі і працяглымі. У многіх раёнах краіны чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-22 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе 8-14 градусаў вышэй за нуль. Днём будзе 12-18 градусаў цяпла, па паўднёвым захадзе - плюс 19-21.

"Пачынаючы з пятніцы цыклон страціць сваю актыўнасць, надвор'е палепшыцца, паветраныя патокі зменяцца на заходнія, і ў краіну з Заходняй Еўропы накіруюцца больш цёплыя паветраныя масы. Тэмпература пачне павышацца, усталюецца ўмерана цёплае надвор'е, а дажджоў стане менш, яны будуць не такімі працяглымі і інтэнсіўнымі", - адзначыў Дзмітрый Рабаў. У пятніцу ноччу па паўночным усходзе, днём у асобных раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 6-12 градусаў вышэй за нуль, днём - 17-24 градусы цяпла, па поўдні - да плюс 26 градусаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі