Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 жніўня 2014, 19:58

У Беларусі ствараецца камісія па ацэнцы інфармпрадукцыі на прадмет прыкмет экстрэмізму

22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ствараецца Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяў экстрэмізму. Гэта прадугледжана пастановай Саўміна нумар 810 ад 21 жніўня 2014 года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.

Пастанова прадугледжвае і стварэнне сістэмы экспертных камісій у кожнай з абласцей Беларусі. Рэспубліканская экспертная камісія, створаная пры Міністэрстве інфармацыі, будзе таксама выконваць функцыі экспертнай камісіі па горадзе Мінску.

У камісію ўвойдуць аўтарытэтныя эксперты ў сферы філасофіі, псіхалогіі, філалогіі, сацыялогіі, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, якія ажыццяўляюць процідзеянне экстрэмізму, што дасць магчымасць усебакова і кампетэнтна разглядаць матэрыялы на прадмет наяўнасці ў іх прыкмет экстрэмізму.

Рэспубліканская камісія будзе праводзіць экспертызу інфармацыйнай прадукцыі на тэрыторыі Мінска. Таксама ў яе кампетэнцыі ўзгадненне палажэнняў аб абласных камісіях і іх складзе, распрацоўка рэкамендацый для абласных камісій. Акрамя таго, яна будзе разглядаць скаргі на экспертныя заключэнні абласных камісій, вывучаць і распаўсюджваць айчынны і замежны вопыт прадухілення прапаганды экстрэмісцкай дзейнасці ў інфармпрадукцыі.

Камісія будзе мець права запытваць і атрымліваць неабходныя дакументы, матэрыялы і інфармацыю, якія маюць значэнне для правядзення экспертыз. Таксама яна зможа запрашаць і заслухоўваць на сваiх пасяджэннях прадстаўнікоў дзяржорганаў, арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры неабходнасці для экспертыз будуць прыцягвацца розныя спецыялісты, грамадскія дзеячы, якія не ўваходзяць у камісію.

Падставамі для правядзення экспертызы інфармацыйнай прадукцыі будуць звароты дзяржаўных органаў, арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама пастанова дзяржорганаў або службовых асоб, якія маюць адпаведнае права.

Экспертнае заключэнне экспертнай камісіі можна будзе абскардзіць у судовым парадку, а абласной камісіі - у рэспубліканскай або ў судзе.

Як растлумачылі ў Міністэрстве інфармацыі, пастанова Савета Міністраў прынята ў развіццё закона Беларусі "Аб процідзеянні экстрэмізму". "Дакумент прыняты ў мэтах недапушчэння распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкага характару, для абароны грамадскіх інтарэсаў ад дэструктыўных праяў у інфармацыйнай прасторы", - падкрэслілі ў Мінінфарме.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі