12 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі стартуе цэнтралізаванае тэсціраванне, паведамляе БЕЛТА.
ЦТ па традыцыі пачнецца з экзамену па беларускай мове. Для яго праходжання ў гэтым годзе зарэгістравалася 24 908 абітурыентаў, што амаль на 3,6 чалавека менш, чым у мінулым годзе. Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Юрый Міксюк, каменціруючы зніжэнне колькасці жадаючых здаваць беларускую мову, растлумачыў, што адбылося гэта з-за агульнага зніжэння колькасці зарэгістраваных для здачы ЦТ абітурыентаў. "У бягучым годзе на 9,8 тыс. чалавек менш зарэгістравалася для праходжання ЦТ. Трэба ўлічваць яшчэ і тое, што ў гэтым годзе выпускнікі мінулых гадоў упершыню могуць прадставіць сертыфікаты мінулага года для паступлення ў ВНУ. Усё гэта разам і дае некаторае зніжэнне колькасці зарэгістраваных абітурыентаў у цэлым і па прадметах", - растлумачыў Юрый Міксюк.
Ён адзначыў, што 48,1 працэнта абітурыентаў зарэгістравалася для праходжання ЦТ па чатырох прадметах. "Гэты паказчык прыкладна такі ж, як у мінулым годзе", - удакладніў кіраўнік РІКВ.
Для паступаючых ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі падрыхтаваны ўсе экзаменацыйныя матэрыялы, спецыялісты, адказныя за правядзенне іспытаў, знаходзяцца ў пунктах правядзення ЦТ. Самі іспыты стартуюць па ўсёй краіне адначасова ў 11.00.
Кожны абітурыент павінен з'явіцца ў пункт здачы ЦТ за 30 хвілін да пачатку тэсціравання і мець пры сабе запоўнены і зарэгістраваны пропуск, дакумент, што засведчвае асобу (пашпарт, пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца), і ручку з чорным стрыжнем. У ходзе іспытаў катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць розныя ўстройствы сувязі. Абітурыенты, якія парушаць патрабаванні і прынясуць на ЦТ мабільныя тэлефоны і шпаргалкі, пакінуць аўдыторыю і будуць пазбаўлены магчымасці здаваць іспыты ў гэтым годзе, нават у рэзервовы дзень.
У 2018 годзе нездавальняючымі адзнакамі па вучэбным прадмеце беларуская мова або руская мова будуць лічыцца ад 0 да 9 балаў (уключна), для спецыяльнасцей філалагічнага профілю - ад 0 да 24. Па першым прадмеце профільнага іспыту - матэматыка, фізіка, хімія, біялогія - такімі будуць адзнакі ад 0 да 19 балаў; гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя (навейшы час), грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) - ад 0 да 24 балаў. Па другім прадмеце профільнага іспыту - матэматыка, фізіка, хімія, біялогія - адзнакі ад 0 да 9 балаў; гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя (навейшы час), геаграфія, замежныя мовы - ад 0 да 14 балаў.
Ніжнія парогавыя значэнні адзнак ЦТ таксама ўстаноўлены пры наборы ў ВНУ, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Мінабароны, МНС і Дзяржпагранкамітэта, на ваенныя факультэты, на спецыяльнасці "вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства", "жывёлагадоўля, рыбаводства, пчалярства", "сельская гаспадарка і добраўпарадкаванне тэрыторы", "меліярацыя і водная гаспадарка", "аграінжынерыя". У гэтым выпадку нездавальняючымі будуць адзнакі ад 0 да 6 балаў па беларускай або рускай мове, матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі (навейшы час), грамадазнаўстве, геаграфіі, замежных мовах.-0-